Источник:
https://nastgaz.by/vydavetstvu-adukatsyya-i-vyhavanne-30-gadou-chym-admetnae/
30-гадовы юбілей адзначае “Адукацыя і выхаванне” — выдавецтва, якое займае адну з галоўных пазіцый у галіне вучэбнага кнігавыдання для нацыянальнай сістэмы адукацыі. Пра тое, як выдавецтва ўбіралася ў сілу, чым жыве сёння, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з дырэктарам установы Валянцінам Навагродскім.
— Валянцін Янавіч, з юбілеем вас і вашых паплечнікаў! Нагадайце, калі ласка, з чаго ўсё пачыналася.
— Можна смела сказаць: выдавецтва ёсць прамы вынік таго, што Рэспубліка Беларусь набыла незалежнасць. На пачатку 90-х у краіне ішло станаўленне нацыянальнай сістэмы адукацыі. Рэфармавалася школа, мяняліся вучэбныя планы, падручнікі… Педагогі мелі велізарную патрэбу ў метадычнай падтрымцы. Зрэшты, выданні для настаўнікаў заўсёды ў цане, нават у пару грамадскіх катаклізмаў, бо дзяцей заўсёды вучыць трэба. Са жніўня 1990 года пачаў дзейнічаць Беларускі навукова-даследчы інстытут адукацыі (цяпер Нацыянальны інстытут адукацыі), які ўзначаліў доктар педагагічных навук Уладзімір Пархоменка. І па яго ініцыятыве быў заснаваны навукова-тэарэтычны і інфармацыйна-метадычны часопіс “Адукацыя і выхаванне”. Часопіс і стаў грунтоўным падмуркам для беларускай педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі. Навуковая дзейнасць, самаадданая праца Уладзіміра Паўлавіча на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса, а потым і на чале выдавецтва — важкі ўклад у развіццё айчыннай педагогікі. Вядома ж, нашым папярэднікам даводзілася шмат круціцца, як цяпер кажуць. Адзін факт: 3 мая 1993 года сузаснавальнікамі часопіса “АіВ” сталі Мінадукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі і працоўны калектыў выдання, а ўжо 17 мая рэдакцыя стала… самастойнай юрыдычнай асобай. Усё вельмі хутка мянялася! Тады ж пачалася работа па выпуску вучэбнай, метадычнай, навуковай літаратуры, з’явіўся рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, была атрамана ліцэнзія на выдавецкую
дзейнасць.
— Вядома, што цяпер пад вашым дахам працуе і шэраг іншых перыядычных выданняў…
— Мяркую, з часам у гісторыі педагагічнага друку Беларусі дзень 17 кастрычніка будзе пазначаны як “чырвоная дата”: менавіта ў гэты дзень у 1995 годзе прайшла дзяржрэгістрацыя адразу 16 (!) навукова-метадычных выданняў, заснавальнікам якіх выступіла рэдакцыя часопіса “АіВ”. Часопісы серыі “У дапамогу педагогу” атрымалі прызнанне навуковай і педагагічнай грамадскасці. Вось так рашуча рэдакцыя часопіса “АіВ” “наступала” на педагагічным фронце: выпускала профільныя часопісы, штогод выдавала дзясяткі вучэбных і метадычных дапаможнікаў, іншых відаў кніжнай прадукцыі для вучняў і студэнтаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў. І цалкам заканамерным быў “працэс эвалюцыі”, набыццё новага статусу: у 2001 годзе рэдакцыя часопіса была пераўтворана ва ўстанову “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. А ў жніўні 2019-га да нас далучыліся выдавецтва “Пачатковая школа”, рэдакцыі часопісаў “Роднае слова” і “Пралеска”.
У хуткім часе выйдзе ў свет найцікавейшае, выдатна ілюстраванае, шырокафарматнае выданне калектыву аўтараў “99 важнейших фактов о белорусском образовании”.
Тыя, хто чытаў, рэцэнзаваў кнігу, — у захапленні. Мы ўпершыню сістэмна, даходліва расказваем, як развіваліся асвета, адукацыя на беларускіх землях — ад эпохі Полацкага і Тураўскага княстваў да нашых дзён.
— Як бы вы акрэслілі сацыяльную нішу, якую сёння займае выдавецтва?
— Калі праводзіць аналогію з земляробствам, то, мяркую, педагагічнае поле краіны сёння ў немалой ступені мае высокую ўраджайнасць дзякуючы рабоце выдавецтва. Нашы навукова-метадычныя часопісы павышаюць прафесійны ўзровень педагогаў, спрыяюць абмену вопытам, карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у педагагічнай грамадскасці. Вельмі ганарымся, што сярод аўтараў часопісаў — як вядучыя вучоныя і эксперты ў галіне адукацыі, педагогікі, псіхалогіі, філасофіі, культуры і мастацтва, краязнаўства, так і педагогі-практыкі… Адзначу, што выдавецтва па-ранейшаму выпускае і вучэбную, вучэбна-метадычную літаратуру для ўсіх тыпаў устаноў і ступеней адукацыі. Ганарымся, што ўжо шмат гадоў нам даручаюць перавыданне знакавых дапаможнікаў “Я — гражданин Республики Беларусь” і “Беларусь — наша Радзiма. Падарунак Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р.Лукашэнкi першакласнiку”. Вялікі попыт на серыі навукова-папулярных кніг для школьнікаў “Я горжусь / Я ганаруся”, “Мир путешествий”, “Лучшая коллекция школьника”, “Образовательный компас”… І ўсё гэта робіцца на высокім узроўні, выдавецтва неаднаразова ўшаноўвалася як пераможца нацыянальных і міжнародных кніжных выстаў-конкурсаў.
— У чым бачыце перспектыву, Валянцін Янавіч?
— Адным з перспектыўных кірункаў развіцця бачым інтэграцыю лічбавых рэсурсаў з інтэрактыўнымі тэхналогіямі ў канкрэтныя адукацыйныя матэрыялы. Выдавецтва ўжо мае ўласны мабільны дадатак для Android і IOS пад назвай “AIV — дапоўненая рэальнасць”. З выкарыстаннем найноўшых тэхналогій цяпер ад нас ідуць у свет вучэбныя дапаможнікі, навукова-папулярныя і даведачныя выданні.
Прадукцыя выдавецтва “АіВ” увогуле ўнікальная! Яе вылучаюць цікавы змест, яскравы дызайн, высокая якасць паліграфіі. І ў нас ёсць надзейная база для далейшага росту і развіцця — прафесійны, зладжаны калектыў, мае паплечнікі, з якімі мы разам самааддана і натхнёна працуем на карысць Бацькаўшчыны.