Каб камп’ютар быў сябрам

  • 25 января 2019 15:20:45
  • Отзывов: 0
  • Просмотров: 2241
  • 0

Цяжка ўявіць жыццё сучаснага школьніка без камп’ютара і інтэрнэту. Гэта найбагацейшая крыніца інфармацыі, якая дапамагае ў засваенні вучэбнай праграмы, развівае і ўзбагачае асобу дзіцяці, вучыць быць камунікабельным і сацыялізаваным. Камп’ютар адыгрывае станоўчую ролю, калі школьнік карыстаецца ім разумна і мэтанакіравана, аднак можа стаць і ворагам для дзіцяці пры няправільным карыстанні. Адной з праблем з’яўляецца кампю’тарная залежнасць, якая ахоплівае моладзь. Камп’ютарная залежнасць – адна з форм небяспечных адыктыўных паводзін, якая абумоўлівае развіццё псіхапаталагічных змен асобы, прыводзіць да разбурэння сацыяльных сувязей і канфліктаў. Асноўнай групай рызыкі для развіцця камп’ютарнай залежнасці з’яўляюцца падлеткі ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў. Гэтаму садзейнічае шырокае распаўсюджанне камп’ютараў, лёгкасць падключэння да інтэрнэту, камп’ютарызацыя школьнага навучання, вялікая колькасць камп’ютарных гульняў. У групу рызыкі часцей за ўсё ўваходзяць хлопчыкі, бо ў іх ад прыроды больш, чым у дзяўчынак, развіта імкненне да першынства.

Пад уплывам камп’ютарных гульняў часта ў дзіцяці нават у раннім узросце ўзнікае жаданне схавацца ад рэальнага свету ў віртуальным. У выніку яно не толькі не вырашае важных для сябе праблем, але і спыняецца ў развіцці. Псіхолагі лічаць, што ўзнікае такая залежнасць у дзяцей, якія маюць да гэтага схільнасць. Гэта дзеці і падлеткі, якія ў рэальным жыцці перажываюць сур’ёзныя псіхалагічныя праблемы. Звычайна яны не сустракаюць узаемаразумення з боку бацькоў і равеснікаў. Ім вельмі адзінока, рэальнасць здаецца занадта складанай. Затое ў гульні яны могуць лёгка вырашаць свае праблемы. Дзеці і падлеткі, якія не змаглі знайсці сэнс у рэальным, вельмі хутка знаходзяць яго ў віртуальным жыцці. Яшчэ адна прычына – павышаная ўзбуджальнасць нервовай сістэмы і слабасць валявых працэсаў. Любая гульня з актыўным сюжэтам прыводзіць да выкідуў кроў адрэналіну. Дзіця хутка прывыкае да гэтага і імкнецца да паўтарэння.

Найбольш выражаны негатыўны ўплыў камп’ютарнай залежнасці на сацыяльныя якасці падлетка: адкрытасць, кантактнасць, суперажыванне. Пры выражанай камп’ютарнай залежнасці дзіця сацыяльна дэзадаптавана.

У наш час камп’ютарных тэхналогій актуальным стала пытанне граматнай арганізацыі працэсу абыходжання дзіцяці з камп’ютарам і мінімізацыі яго адмоўнага ўплыву на псіхічнае здароўе дзіцяці. Выхоўваць трэба так, каб падлетак разумеў, што камп’ютар – гэта толькі частка нашага жыцця, а не альтэрнатыўны свет.

Асноўнымі прычынамі камп’тарнай залежнасці ў падлетка з’яўляюцца:
- адсутнасць або недахоп цёплых адносін у сям’і;
- адсутнасць у дзіцяці сур’ёзных захапленняў, не звязаных з камп’ютарам;
- няўменне ці нежаданне наладжваць кантакты з людзьмі, адсутнасць сяброў.

Адмоўны ўплыў камп’ютарных гульняў на псіхічнае здароўе дзіцяці:
1. Фарміраванне псіхалагічнай залежнасці;
2. Зніжэнне валявых якасцей;
3. Фарміраванне завышанай самаацэнкі дзяцей;
4. Павышэнне агрэсіўнасці, раздражняльнасці;
5. Механічнасць, стэрэатыповасць мыслення, зніжэнне творчых здольнасцей;
6. Зніжэнне ўзроўню сацыялізацыі і адаптацыі да навакольнага свету.

Адмоўны ўплыў камп’ютарных гульняў на фізічнае здароўе дзіцяці:
1. Пагаршэнне зроку;
2. Нізкая рухальная актыўнасць;
3. Павышаная стамляльнасць і раздражняльнасць, аслабленне імунітэту з-за ўплыву электрамагнітнага выпраменьвання.

Медыкамі і псіхолагамі распрацаваны наступныя рэкамендацыі па прафілактыцы камп’ютарнай залежнасці:
1. 6 – 7-гадовыя дзеці без шкоды для здароўя могуць працаваць за камп’ютарам не больш за 10 хвілін у дзень, вучні 2 – 3 класаў – 15 хвілін, у 4 – 6 класах – да 20 хвілін, у 8 – 9 – да 25 хвілін, у 10 – 11 – 30 хвілін.

2. Неабходна зацікавіць дзіця іншымі гульнямі, захапленнямі, заняткамі. Важна вучыць дзяцей рабіць штосьці сваімі рукамі, развіваць творчыя здольнасці з дапамогай секцый, гурткоў. Захоплены падлетак будзе менш імкнуцца да камп’ютара. Але трэба праявіць настойлівасць у прыцягненні яго да новай дзейнасці, бо непрывычны занятак будзе здавацца занадта складаным у параўнанні з камп’ютарнымі гульнямі.
3. Устанавіце правілы карыстання камп’ютарам.
4. Не стаўце камп’ютар у пакоі дзіцяці. Гэта вядзе да бескантрольнага карыстання.
5. Важна, каб на манітор не траплялі прамыя сонечныя прамяні і водбліскі ад лямпы. Экран павінен быць устаноўлены так, каб позірк падаў зверху ўніз пад вуглом 10 – 20 градусаў. Адлегласць ад вачэй дзіцяці да манітора павінна быць не менш за 70 сантыметраў. Месца для камп’ютара павінна быць добра асветлена. Медыкі рэкамендуюць штодзённа праводзіць у пакоі з камп’ютарам вільготную ўборку, часцей праветрываць памяшканне.
6. Вышыня стала павінна быць такой, каб кончыкі пальцаў рукі, пастаўленай локцем на стол, дасягалі вугалкоў вачэй. Стул павінен мець высокую спінку, а згіб ног пры пасадцы складаць вугал у 90 градусаў.

Якія ж захады павінны прыняць бацькі, каб прадухіліць камп’ютарную залежнасць?

Неабходна знайсці прычыну камп’ютарнай залежнасці.

Патрэбна арганізаваць асабістую прастору, дзе падлетак будзе адчуваць сябе камфортна.

Не спяшайцеся катэгарычна забараняць карыстанне камп’ютарам.

Будуйце давяральныя ўзаемаадносіны з дзіцем.

Дазваляйце яму запрашаць сяброў дадому.

Сачыце, каб гульня на камп’ютары не замяняла рэальныя зносіны з сябрамі і блізкімі.

Паважайце захапленні вашага дзіцяці. Падлетак не абавязкова павінен любіць тое, што каштоўна для вас.

Нельга гвалтоўна нешта адабраць, не прапанаваўшы нічога ўзамен.

Дзіця павінна мець дамашнія абавязкі.

Навучыце дзяцей раіцца з вамі перад раскрыццём інфармацыі праз электронную пошту, дошку аб’яў, асабістыя профілі.

Не дазваляйце ім загружаць праграмы, музыку або файлы без вашага дазволу.

Дазваляйце заходзіць на дзіцячыя сайты толькі з добрай рэпутацыяй і кантралюемымі зносінамі.

Растлумачце дзіцяці, што ніколі не патрэбна сустракацца з сябрамі з інтэрнэту, бо гэтыя людзі вельмі часта зусім не тыя, кім здаюцца.

Кантралюйце дзеянні дзяцей з дапамогай сучасных праграм, якія дапамогуць высветліць, якія сайты наведвае дзіця і што яно там робіць.

Навучыце дзяцей паважаць іншых, бо правілы этыкету дзейнічаюць усюды – нават у віртуальным свеце.

Пры неабходнасці патрэбна арганізаваць кансультацыю ўрача-псіхатэрапеўта.

І галоўнае – для выкаранення камп’ютарнай залежнасці ў сям’і павінны быць блізкія, сяброўскія, даверлівыя адносіны.

Бескантрольнае карыстанне інтэрнэтам з боку дзіцяці можа прынесці шмат шкоды. Дзеці могуць занесці на камп’ютар шкодную праграму або вірус. Але нават калі знікне ўся каштоўная інфармацыя, якая захоўваецца на камп’ютары, або шкодная праграма знішчыць рэквізіты разліковых сістэм, і прападуць грашовыя сродкі – гэта яшчэ паўбяды. А вось калі дзіця начытаецца, наглядзіцца, наслухаецца ўсяго негатыўнага, што ёсць у інтэрнэце, мы можам страціць яго. І гэта будзе самая сапраўдная бяда. Таму вельмі многае залежыць ад намаганняў бацькоў.


Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК, педагог-псіхолаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі  навучальна-педагагічнага комплекса Вялікашылавіцкі яслі-сад – базавая школа Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь