Прырода – гэта дом твой. Беражы гэты дом, чалавек!

  • 19 февраля 2019 00:17:40
  • Отзывов: 0
  • Просмотров: 486
  • 0

У чалавека ёсць тры маці: першая – Радзіма, другая – прырода, трэцяя – тая, што падарыла  жыццё. Мы ганарымся сваёй Радзімай, любім і паважаем сваю маці, дык чаму так нядбайна і безадказна адносімся да роднай прыроды?Дрэвы, расліны, ручаіны і рэчкі – спадчына, якая дасталася нам ад бацькоў нашых, дзядоў. А што аставім мы? Што і ў якім выглядзе атрымаюць нашы дзецІ і дзеці нашых дзяцей, залежыць ад нас. Таму тэма беражлівых адносін да прыроды хвалюе і мяне. Я спадзяюся і веру, што кожнае мерапрыемства, праведзенае ў класе ці на прыродзе на экалагічную тэму,  не  пакіне нікога раўнадушным і многае будзе захавана , абаронена, выратавана рукамі маіх выхаванцаў.

Тэма: Прырода – гэта дом твой. Беражы гэты дом, чалавек!

Мэта: фарміраваць экалагічную культуру вучняў, уменне бачыць прыгожае, садзейнічаць выхаванню жадання берагчы і ахоўваць прыроду.

Арганізацыйны этап.

Дзеці, вы заўважылі, якое цудоўнае надвор’е на вуліцы?А якое сёння сонейка? А ваш настрой адпавядае настрою прыроды? (Выказванні дзяцей.)

Чытанне верша “Для цябе…”

Для цябе прачынаецца сонца.

Месяц свеціць уначы для цябе.

І спявае птушачка ў небе.

Конік скача ў зялёнай траве.


Для цябе цвіце кветка на лузе.

Спее яблык у садку для цябе.

Вырастаюць грыбочкі ў лесе.

Зелянее гурок на градзе.


Для цябе восень лета змяняе.

Ну, а зіму вясна з веку ў век.

Не забудзь, што Зямля – гэта дом твой.

Беражы гэты дом, чалавек!

Назавіце галоўных герояў верша? (Месяц, птушка, конік, чалавек.)

Як адным словам можна назваць іх? (Прырода.) 

Да каго звяртаецца аўтар?

Этап знаёмства з тэмай занятку.

Работа ў парах.

Кожнай пары выдаецца канверт, у якім знаходзяцца малюнкі з напісанымі на іх часткамі слоў. Неабходна скласці словы і ўтварыць з іх сказ.

 

Які сказ атрымаўся?

Як вы разумееце слова прырода?

Для каго прырода дом?

Як вы думаеце, чаму трэба берагчы гэты дом?

Што трэба ведаць для таго, каб захаваць прыроду? (Правілы паводзін у прыродзе.)

Тэма занятку: Прырода – гэта дом твой. Беражы гэты дом, чалавек!

Этап работы з новым матэрыялам.

Слуханне музыкі лесу, запісу галасоў птушак.

Аналіз успрымання пачутага.

Што вы ўяўляеце сабе, слухаючы гукі лесу?

Галасы якіх птушак вы пачулі?

А ці можа стацца так, што перастануць спяваць птушкі? Што з’явіцца паддставай для гэтага?

Сцэнка “Здарэнне ў лесе”.

(Дзеянне адбываецца ў зімовым лесе на палянцы.)

Сарока.

Бяда, бяда! У нашага крыжадюба Косціка здарылася бяда!

Старая Сойка.

Чаго ты крычыш? Чаго лямантуеш?

Сарока.

А што ты не ведаеш? Крыжадзюб  Косцік сядзіць і горка плача.

Старая Сойка.

А што ў яго здарылася?

Сарока.

Як што? Ты не чула? Сёння Косцік аблятаў свае любімыя месцы ў лесе і заўважыў, што яго  разгалістая прыгажуня елка зрэзана пад корань. Ужо некалькі гадоў запар ён са сваёй жонкай Хрысцінкай тут высіджвалі дзіцянят. Елачка густая: галінкі укрывалі птушанят і бацькоў ад моцных вятроў і лютых маразоў. Ды і насенне шышак вось-вось паспее, шышкі раскрыюцца і корм як на далоньцы.

Старая Сойка.

Ой, гора-гора ў крыжадзюба. Ды яшчэ якое. Мне здаецца хтосьці рухаецца ў наш бок. Ці то мне здалося?

Сарока.

І праўда хтосьці скача і прыплаквае. (З’яўляецца заплаканы Зайчык)

Старая Сойка.

Зайчык, даражэнькі, чаго ты плачаш?

Зайчык.

Як жа мне не плакаць. Учора ў лес прыйшлі людзі і зрэзалі елачку, пад якой я нарадзіўся.

Сарока і Старая Сойка разам.

Трэба штосьці рабіць, трэба ўсім разам сабрацца і не пускаць людзей у лес, калі яны нам шкодзяць. Хто ж нам дапаможа, як не мы самі. Будзем змагацца за свой дом – лес.

Абмеркаванне сцэнкі.

Што здарылася ў лясных жыхароў?

Хто вінаваты ў іх бядзе?

Як дапамагчы ім?

Чым пагражае высечка лесу? 

Правільна, у прыродзе ўсё ўзаемазвязана. І калі мы будзем яе знішчаць па частках, то знізіцца колькасць птушак, звяроў. Не будзе каму лячыць дрэвы, парушацца ланцугі харчавання. Чалавек – частка прыроды, таму наносячы ёй шкоду, чалавек і сам можа загінуць. 

Работа з ілюстрацыяй. (На малюнку ссечаныя маленькія елачкі, пакінутыя ў лесе, так як хлопчыкі знайшлі лепшыя прыгажэйшыя.)


Што з’яўляецца ўпрыгожваннем навагодняга свята?

Як вы думаеце, ці можна абысціся без жывой елкі? 

Вывад: Можна. Навагодняя ёлка радуе нас некалькі дзён, а потым выкідваецца. Яе можна купіць у спецыяльным гадавальніку. А яшчэ лепей упрыгожыць  штучную, а некалькі галінак паставіць у вазу, каб пах елкі разносіўся па ўсім пакоі. Але і асыпаная елка можа паслужыць кормам для жывёл заапарка, а калі вы – жыхары вёскі, то елка – ласунак для коз. 

Падарожжа па старонках Чырвонай кнігі.

Разглядванне Чырвонай кнігі.

Чаму кніга Чырвоная, а не зялёная?

Так, чырвоны колер – колер небяспекі. Ён як бы заклікае ўсіх людзей: расліны і жывёлы ў бядзе, дапамажыце ім!

На старонках Чырвонай кнігі знаходзяцца тыя прадстаўнікі флоры і фаўны, якія могуць вось-вось закінуць, калі не прыйсці ім на дапамогу.

Назваць птушак, жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу. (Беркут, чорны бусел, зубр, змеяед, рысь,жук-алень, жоўты гарлачык, кураслеп лясны, сон лугавы.)

Што трэба рабіць, , каб расліны і жывёлы, насякомыя і рыбы не сталі рэдкімі, каб колькасць старонак кнігі не павялічвалася? 

Наша задача – папярэдзіць гэта. У нашых сілах: пасадзіць дрэўца, пакарміць птушак зімой, узяць пад ахову мурашнік.

Калектыўная распрацоўка правіл у прыродзе.

-  Любіць прыроду, значыць разумець і беражліва ставіцца да яе, не наносіць ёй шкоды. А як жыць з ёю ў згодзе? Так, трэба прытрымлівацца правіл.

Не распальвай у лесе вогнішча. Калі распаліў касцёр перад адыходам дамоў правер,  ці добра яго патушыў. 

Не разбурай гнёзды птушак, мурашнікі.

Не ламай галінкі дрэў і кустарнікаў.

Збірай лекавыя расліны толькі ў тых месцах, дзе іх многа. Частку раслін патрэбна абавязкова астаўляць у прыродзе для размнажэння.

У лесе трэба старацца хадзіць па сцяжынках, каб расліны не загінулі ад вытоптвання. 

Не парушай лясную цішыню.

Прыбірай за сабой смецце. (Ад бітага шкла ў лесе можа пачацца пажар. Пластыкавая бутэлька, поліэтыленавы пакет будуць ляжаць у зямлі да 100гадоў. Ніводнае насенне не прарасце скрозь іх.)

Не рві расліны для букетаў. Букеты састаўляй толькі з тых раслін, якія вырасціў сам.

Добра. Мы ведаем правілы і стараемся іх выконваць. Але  нездарма кажуць: “ Правілы прыдумалі для таго, каб іх парушаць”. Так і адбываецца: ведаем, але парушаем. 

Чытанне і абмеркаванне экалагічнага апавядання ”Не рві першыя веснавыя кветкі”.

У першы цёплы веснавы дзень у лес пайшлі Марына з Сенем. На палянцы яны ўбачылі кветкі небывалай прыгажосці. Сеня закрычаў: “Паглядзі сюды, Марынка!Што за дзіўная карціна! Каля самага снегу паляна з кветак! Глянь! Глянь, якія яны далікатныя і блакітныя! Збяру букецік: заўтра жаночае свята. Маме падару кветачкі гэтыя, хіба я не мужчына? Я і бабулі нарву, іх жа тут многа. І табе, як малодшы брат, падарыць буду рад!”

Ці  правільна паступіў Сеня?

Назавіце памылку хлопчыка?Чаму вы так лічыце?

Правільна. Гэта былі першацветы. Яны занесены ў Чырвоную кнігу. Калі іх зрываць, то можна пазбавіцца магчымасці любавацца імі на наступны год. А яшчэ, як толькі прыгрэе сонейка, вылазяць шмялі і пчолкі. Чым яны будуць карміцца? 

Якія яшчэ першыя веснавыя кветкі вы ведаеце?

  пралеска

  ветраніца

  медуніца

першацвет

сон лугавы

падбел


Работа ў групах – рашэнне экалагічных задач.

Першая група – “Спажыўцы”            Другая група – “Юныя захавальнікі прыроды”  

Пытанні:

Ці добра нарваць вялікі букет ландышаў?

“Спажыўцы” лічаць:                               “Юныя захавальнікі прыроды”

Нарваць вялікі букет – гэта                      лічаць: 

добра.  Ландышы прыгожыя.                  Нарваць вялікі букет – гэта дрэнна.

Іх можна падарыць маме.                     Кветкі хутка звянуць, іх выкінуць.

Яны прыемна пахнуць. Калі                 Вялікія букеты – шкода прыродзе.

дома стаіць букет, становіцца              Кветак мала – пепрыгожы і пусты 

ўтульна.                                                 лес, голадна насякомым.

Дадатковая інфармацыя: каб зацвёў ландыш, патрэбна, каб прайшло да 10 гадоў з той хвіліны, калі насенне трапіць у зямлю. За гэты час вы закончыце школу.

Ці добра прынесці з лесу галінкі з ягадамі чарніц?

(Адказы груп.)

Дадатковая інфармацыя: для таго, каб чарніцы давалі ягады, трэба чакаць да сямі гадоў.

Гутарка па малюнку.

Чым займаюцца людзі?

Ці дапамагаюць яны гэтым прыродзе?

Якую памылку яны дапускаюць?

(Выказванні дзяцей.)

У час палаў ужо пачынае расці трава, кветкі, актыўны перыяд росту ў кустарнікаў. Агонь пашкоджвае маладыя парасткі травы, знішчае пупышкі і насенне раслін. Гінуць насякомыя, дажджавыя чарвякі, пашкоджваюцца гнёзды птушак і яйкі птушак. Таксама забруджваецца паветра. Цяжка дыхаць людзям, асабліва з захворваннямі органаў дыхання. Агнём знішчаюцца дамы, драўляныя масты, лініі электраперадач і сувязі. Самае страшнае – у агні гінуць людзі.

       

Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.

Дзеці, давайце яшчэ раз звернемся да апошніх радкоў верша: 

Не забудзь, што Зямля – гэта дом твой. 

Беражы гэты дом, чалавек!

Да чаго заклікае аўтар радкоў? 

Так.Аўтар звяртаецца да нас з заклікам. Помніце: Кожны чалавек – гаспадар гэтага вялікага дома, імя якому прырода. А ў добрага гаспадара ва ўсім павінен быць парадак.

Паспрабуйце, знаходзячыся на прыродзе, карыстацца правілам: перш чым штосьці зрабіць, падумай, ці не нашкодзіш ты прыродзе. А можа без гэтага ты можаш абысціся? І помніце: 

Дрэва, трава, кветка і птушка

Не заўсёды могуць абараніцца.

Калі будуць знішчаны яны, 

На планеце застанемся мы адны.

Рэфлексія “Абяцанне”. Я абяцаю … (ахоўваць прыроду, быць яе сябрам і абаронцам, буду весці сябе ціха і сціпла ў лесе, на лузе, у полі, не буду без падставы рваць і таптаць кветкі, буду сябрам усім жывёлам , не буду засмечваць вадаёмы, буду рабіць заўвагі другім, калі яны будуць гэта рабіць. Я абяцаю быць сапраўдным гаспадаром.)


Пашалюк Таццяна Васільеўна, настаўніца пачатковых класаў, катэгорыя вышэйшая, ДУА “Пагост-Загародская сярэдняя школа імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія” Пінскага раёна

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь