Іван Карэнда: «Самы высокі Алімп – уласнае фізічнае і маральнае здароўе». Гутарка з паэтам
- 29 января 2019 16:12:32
- Отзывов: 0
- Просмотров: 2616
-
Што такое словы? Усяго толькі тое, што дапамагае нам разумець адзін аднаго. А что такое паэзія? Гэта стыхія, у якой мы можам выражаць нашы думкі і не баяцца асуджэння ці неразумення. Калі чалавека наведвае муза ці прыходзіць натхненне, яго нельга ўтрымаць – энергія і радкі б’юць знутры, вырываюць сэрца і просяцца на паперу. І вось натхнёны чалавек бярэ ў рукі любы пішучы інструмент і пачынае тварыць. Пры гэтым патокі неабходных слоў кладуцца на лісты роўнымі слупкамі, а рыфма падкрэслівае канчаткі слоў для сугучнасці. Але не толькі рыфма ёсць у паэзіі, ёсць яшчэ жыццё, якое існуе вакол нас ці жыццё, якое мы хочам стварыць. І не кожнаму дадзена кіраваць словам…
Наш суразмоўца – беларускі паэт і празаік, грамадска-культурны дзяч, дыпламат, член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў Расіі Іван Карэнда.
– Іван Арсеньевіч, калі Вы пачалі пісаць і што альбо хто Вас натхніў пачаць? Помніце свой першы верш? Ці гэта была проза?
– Першае адчуванне паэзіі да мяне прыйшло, калі мне было гадоў дзесяць. Адкуль яно прыплыло, як да майго берага прыбілася – цяжка сказаць. Неяк сам сабою склаўся, сарваўся з маіх вуснаў вершык на тэму вясковага бытавога жыцця – пра сварку суседзяў. За ім другі – як ні дзіўна, сатырычныя радкі пра ўчастковага міліцыянера. Тады я нават і не запісваў іх – самі ў памяці адкладваліся. Калі вучыўся ў пятым класе, у школьнай насценгазеце пабачыў свет мой верш пра канікулы. Пазней у той жа насценгазеце з’явіліся мае вершаваныя радкі пра першамайскае свята. А ў 10-м класе я чытаў свае вершы са школьнай сцэны, выступаў з вершам пра Радзіму на раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці.
Пачаткам літаратурнай дзейнасці лічу публікацыю вершаў у шчучынскай раённай газеце “Савецкая вёска”, на першым годзе маёй настаўніцкай працы пасля заканчэння інстытута. Дарэчы, у гэтай газеце было надрукавана і маё першае апавяданне пад назвай “Памяць” на ваенную тэму. А дэбютная публікацыя ў рэспубліканскім друку адбылася ў 1975 годзе – у газеце “Літаратура і мастацтва”, з лёгкай рукі Веры Вярбы.
– Дзякуючы чаму ў Вас нараджаецца сюжэт?
– Вядома, не буду арыгінальным, калі скажу, што сюжэт пісьменніку падказвае жыццё. Яно настолькі рознабаковае і глыбокае, настолькі змястоўнае і цікавае, што было і заўсёды будзе невычэрпнай крыніцай для асэнсавання рэчаіснасці і чалавечых узаемаадносінаў. Але трэба прызнаць: літаратарам усё цяжэй і цяжэй паспяваць за імклівым бегам падзей, за кардынальнымі зменамі, якія адбываюцца на нашай планеце і ў жыцці сучаснікаў.
– Як Вы пішаце? Вершы прыходзяць самі, не выбіраючы зручны час, ці за рыфмай або сюжэтам “трэба пахадзіць”?
– Па-рознаму бывае. Я не з’яўляюся пісьменнікам у класічным разуменні гэтага слова. Так склалася, што доўгі адрэзак жыцця мне не выпадала займацца толькі творчасцю, даводзілася спалучаць літаратурныя заняткі з нейкай асноўнай, як цяпер кажуць, офіснай працай. А пісаць прыхваткам, у вольныя гадзіны, гэтага для творчага чалавека мала. З паэзіяй прасцей. Вершы прыходзяць часцей за ўсё неспадзявана. І нярэдка, як Вы заўважылі, у самы нязручны час, калі ты засяроджаны на важнай, неадкладнай справе. І справу адкладваеш, бо паэзія не будзе чакаць твайго вольнага часу.
У мяне былі дзве доўгатэрміновыя замежныя камандзіроўкі. На працягу многіх гадоў я працаваў у Маскве, дзе найбольш зручны транспартны сродак – метро. Там, у маскоўскім метро, нарадзіліся дзясяткі, а мо і сотні, вершаў. Звычайна я запісваў іх у тэлефон, а потым пераносіў радкі ў камп’ютар. Пра гэта калісьці склаўся самаіранічны верш “Падземная Муза”.
Падземная Муза
Я прызнаўся каханай аднойчы,
Што прыдумваю вершы ў метро,
Калі поезд па рэйках грукоча
І ад шуму трасецца нутро.
Я прызнаўся аднойчы каханай,
Што натхненне мне дорыць метро:
Там душэўныя гояцца раны,
Там спявае мой творчы настрой.
Я аднойчы каханай прызнаўся,
Што абрыдзеў даўно белы свет,
Што ў падземку ўсур’ёз закахаўся,
Буду славіць метро як паэт.
А каханая, шчырая ў словах,
Хоць і б’юць яны часам, як ток,
Мне спакойна сказала: “Гатова
Падказаць геніяльны радок.
Напішы пранікнёна, яскрава –
Каб любы зразумеў чалавек,
Як знайшла пад зямлёй цябе слава:
“Ты, метро, – мая Муза навек!”
Але бывае і па-іншаму. Мне вельмі хацелася напісаць нейкі асаблівы верш пра маму, яшчэ пры яе жыцці, пра тое, што толькі яе і маё. Амаль паўгода нічога не прыходзіла ў галаву, і аднойчы, калі ішоў па вуліцы роднай вёскі, “прабіла” – пабеглі радкі пра тое, як мама ткала кросны – яна была выдатнай ткачыхай. І верш напісаўся хутка і лёгка. Я назваў яго так: “Матулі”, з падзагалоўкам “Кросны”. А яго лёс увогуле пераўзышоў мае паэтычныя думкі. Верш нечакана для мяне стаў песняй, якую стварыў і выконвае ансамбль “Менскі гармонік” пад кіраўніцтвам Івана Раманчука, і прэм’ера якой адбылася летась. На вялікі жаль, песня прагучала для мяне жалобным акордам: за год да яе першага выканання матуля пакінула гэты свет.
Матулі
Кросны
Цябе не радавалі вёсны,
А зімы доўгія былі,
I ратавалі толькі кросны,
Што ў хаце з зазімкаў жылі.
Яны – спагадлівыя сведкі
Тваёй нядоліцы-бяды.
Больш давярала, чым суседкам,
Ты ім у слотныя гады.
Рыпелі з ранку чынна ляды,
Снавалі ўвішна чаўнакі.
За пару тыдняў, на Каляды,
Былі гатовы ручнікі.
А потым ткаліся дзяругі,
Бо з імі ў вёсцы самы рух:
Яны – і ў поле, і да лугу,
Без іх жанчына, што без рук.
За імі – вабіў вока новы,
3 вясновых колераў, узор –
Малюнак зыркі, дывановы,
Сатканы з кветак, мар і зор.
Пасля – яшчэ адна абнова,
Ажно цьмянела ўсё наўкол:
Была настольніца гатова
На велікодны шчодры стол.
Пазней, як браўся дзень угору
I набліжалася вясна,
Плыла тканіна без узору –
Кавалак ладны палатна.
...Я гойсаў з раніцы да ночы
Ля таямнічых кроснаў тых,
А ты ўздыхала: "Мой памочнік,
Хутчэй, хутчэй бы вырас ты..."
...На ўсе вясковыя прыборы,
На ўсю вялікую сям’ю
Дабра наткала, пэўна, горы...
...І зорку выткала маю.
– Перажыванні ўплываюць на творчасць?
– Безумоўна. На мой погляд, найбольш гэта прыкметна ў паэзіі. Бадай, у кожнага паэта ёсць і светлыя, узнёслыя вершы, і вершы сумныя, часам нават трагічныя. Зрэшты, як і ў жыцці – ёсць і адно, і другое. Калісьці ў мяне выплыў з душы такі змрочны верш, што ў рэдакцыі нашага літаратурнага часопіса яго не прынялі да друку (хоць мне і нічога не сказалі). І напэўна, правільна зрабілі – чытачу цяжка зразумець аўтара, які малюе свет чорнымі паэтычнымі фарбамі, як мастак К. Малевіч свой “Чорны квадрат”.
Хачу зазначыць, што і грамадска-палітычныя працэсы накладваюць пэўны адбітак на творчасць. Памятаю, як узрушылі мяне пераломныя падзеі 1991 года. Тады, па іх гарачых слядах, я напісаў паэму “Белы наліў”. Але вымушаны быў карыстацца іранічным стылем, і дадаў да назвы твора падзагаловак: “Іранічная паэма”.
– Творчасць павінна змяніць свет вакол ці адлюстроўваць унутраны свет чалавека? Што для Вас важней?
– Наўрад ці падыходзіць тут слова “павінна”. Творцы імкнуцца ўплываць на грамадства – гэта так. Але яны не палітыкі, не прымаюць лёсавызначальных рашэнняў. Нас найперш цікавіць унутраны свет чалавека, яго стаўленне да таго, што адбываецца навокал. Які духоўны падмурак і маральны асяродак асобы, так яна і паводзіць сябе ў грамадстве. На духоўнае ўзвышэнне і маральнае ачышчэнне душы свайго сучасніка скіраваны намаганні ўсіх, хто служыць мастацтву і літаратуры. Ёсць і адступленні ад гэтага творчага прынцыпу, але магістральны шлях духоўна-культурнага працэсу – зберажэнне, абарона і перадача новым пакаленням высокіх маральных ідэалаў – нікому змяніць не ўдасца.
– Кажуць, што творчасць адчыняе дзверы нават да сэрца. Вы згодны з гэтым?
– Творчасць не толькі адчыняе дзверы, але і даходзіць да сэрца. Калі б гэтага не адбывалася, то літаратура і мастацтва не мелі б шанца нарадзіцца, а тым больш існаваць на працягу амаль усёй гісторыі чалавецтва.
– Праз свае вершы Вы вядзеце размову з маладым пакаленнем, даючы яму наказ, пасыл на будучае. Як прыклад, Ваш верш “Нашчадку”, з якім нашы чытачы змаглі пазнаёміцца ў першым нумары часопіса, які выйшаў у 2018 годзе. Вельмі моцны выхаваўчы патэнцыял закладзены ў кожным яго радку. Ці зможа паэзія ўздзейнічаць сёння на сучаснага юнака ці дзяўчыну?
– Відавочна, што выхаваўчы патэнцыял сусветнай паэзіі, у тым ліку беларускай, сёння задзейнічаны недастаткова. Сучасная моладзь не менш любіць паэзію, чым яе папярэднікі. Проста нам, творцам, трэба часцей ісці да маладых з паэтычным словам. Жывое вершаванае слова, звернутае напрамкі да юнакоў і дзяўчат, – гэта зусім іншы выхаваўчы эфект, чым прачытаны паэтычны твор у Інтэрнэце. Мяркую аб гэтым па сустрэчах з маладымі, дзе я чытаў урывак з паэмы “Вочап” – “Нашчадку”, пра які Вы згадалі.
– Ці ёсць такія словы, вобразы, рыфма, якія ніколі не прыжывуцца ў Вашай творчасці?
– Быў і застаюся прыхільнікам выкарыстання традыцыйнай літаратурнай лексікі. Наша родная беларуская мова – надзвычай багатая і мілагучная, таму паэтам купацца ў яе бязмежным і цёплым моры – вялікае задавальненне. А вобразнасць, метафарычнасць, іранічнасць мыслення і гаворкі – адметная рыса беларускага характару. Але сёння і ў нашу мову, у тым ліку літаратурную, трапляе, часцяком без усялякай патрэбы, шмат іншаземных слоў, якія і засмечваюць, і збядняюць яе. Я супраць неапраўданага выкарыстання ў літаратурных творах іншаземнага лексічнага матэрыялу: відавочна, што разам з ім у беларускую культуру цягнецца шмат безгустоўнага, а то і зусім непрыстойнага.
– Дзе лягчэй пішацца – у горадзе альбо ў родных Крывічах?
– Я не з тых творцаў, якія шмат і лёгка пішуць. Гэта да мяне не прыйшло і, думаю, ужо і не прыйдзе. А думаецца мне найбольш плённа ў роднай вёсцы. Тут і тэмы чэрпаю, і характары людзей выбіраю для твораў. І самае дарагое, самае запаветнае тут бачыцца лепш.
– У 2011 годзе выйшла ў свет Ваша кніга прозы “Воплаўская госця” з аднаіменнай аповесцю, апавяданнямі, нататкамі, у якой яскрава адлюстраваны адчуванні, жыццё, думкі, перажыванні, успаміны нашага сучасніка…..і Вашы асабістыя. Ці ёсць адчуванне чарговай пергорнутай старонкі і новыя планы?
– У гэтай аповесці адлюстраваны не толькі шматлікія рэальныя, не прыдуманыя падзеі жыцця, але і выкарыстаны назвы навакольных мясцін, прозвішчы маіх аднавяскоўцаў. Тая старонка сямігадовай даўнасці, вядома ж, перагорнута. За гэты перыяд шмат напісана новага, што чакае свайго выхаду да чытача – як да дарослага, так і да маленькага. Спадзяюся, што новыя кнігі будуць прыязна сустрэты чытачамі.
– Якое месца цяпер займае паэзія ў Вашым жыцці?
– Паэзія – гэта стан душы, і калі душы не стае паэтычнай хвалі, яна апустошваецца. Я не магу пражыць і дня, каб не ўзяць у рукі томік класіка ці нашага сучасніка. Больш таго, нязмушана, раз за разам, падказваю і паказваю сваім родным і сябрам, які верш, якога паэта, на маю думку, варта прачытаць. Напрыклад, мае шматгадовыя сябры нядаўна былі прыемна здзіўлены, калі па маёй падказцы прачыталі раман Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”. Шкадавалі, што гэтую асалоду ад сапраўднай паэзіі адчулі са спазненнем.
З юнацкай пары ў мяне захавалася звычка чытаць вершы перад сном, і тыя, што закранулі душу, завучваць напамяць. З тых далёкіх гадоў шмат што помніцца і сёння. Але пастаянна хочацца гэты ўласны паэтычны “куфэрак” папаўняць новымі высокамастацкімі творамі.
І ў тэлефоннай перапісцы, і па электроннай пошце я даволі часта пішу родным і сябрам менавіта ў вершаванай форме. Гэта дадае зносінам душэўнасці і гумару.
– Конкурс гумарыстаў у Аўцюках 2003 года адкрываўся песняй пра Аўцюкі, якую стварылі спецыяльна для свята кампазітар Ігар Лучанок і паэт Іван Карэнда. Як працавалася ў гэтым творчым саюзе двум творчым асобам? Гумар мае месца ў Вашай творчасці?
– Гісторыя стварэння песні пра Аўцюкі даволі цікавая. У той год я напісаў верш “Аўцюкі”, і ён быў надрукаваны ў адной з рэспубліканскіх газет. Верш вялікі, пад уплывам асабістых уражанняў, якія засталіся ў мяне ад наведвання аўцюкоўскага свята гумару. Верш прачытаў ініцыятар і шматгадовы арганізатар гэтага свята Уладзімір Ліпскі і паказаў яго Ігару Лучанку. Для песеннага твора верш быў задоўгі, і яго скарацілі. Так нарадзілася песня, якую на фестывалі гумару ў Аўцюках выканаў ансамбль “Свята”.
Я напісаў шмат гумарыстычных і сатырычных вершаў, нават дзве байкі. Амаль усе яны былі надрукаваныя ў часопісе “Вожык”. Маё супрацоўніцтва з “Вожыкам” доўжылася шмат гадоў, тады я падпісваў свае творы псеўданімам Іван Вераскоў. Зусім нядаўна даслаў у рэдакцыю гэтага часопіса новыя гумарыстычныя вершы.
– Вы шмат пішаце аб каханні. Пішаце пранікнёна, замілавальна. Каханне – гэта перманентны стан паэта?
– Гэта і Вам кінулася ў вочы? Але, скажыце, які паэт не пісаў ці не піша на вечную тэму? Думаю, прадстаўнікі лепшай паловы чалавецтва павінны быць удзячныя паэтам усіх эпох, бо самы велічны гімн жанчыне стварылі менавіта майстры паэтычнага цэху.
А наконт перманентнасці за ўсіх паэтаў адказаць не магу: у кожнага сваё каханне. Пра сябе, – калі ласка: адным з маіх жыццёвых дэвізаў даўно стаў радок нашага беларускага класіка: “Я хаджу закаханы…” Дзякуй Богу, гэта не пакідае мяне…
Вочы каханай
Летам і ўвосень, зімой і вясною
вочы каханай ходзяць за мною.
Дзе б ні блукаў я, – ад ранку да ночы
сочаць за мною любыя вочы.
Крочу праспектам ці вузенькай сцежкай –
мілыя вочы следам з усмешкай.
Вечарам познім, цямнечай начною –
зорачкі-вочы побач са мною.
Бачу паўсюль іх – ці морыць спякота,
ці напаткае непагадзь-слота.
Мне, як маяк караблю, яны свецяць…
…Лепшай не трэба долі на свеце.
– Што Вас здзіўляе?
– Дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, з аднаго боку, і рачалавечванне (?) чалавецтва, маштабы разбэшчанасці сучаснага грамадства, з другога.
– Якая самая важная, па Вашай думцы, якасць чалавека?
– Дабрыня, памножаная на адукаванасць, багаты духоўны і культурны свет чалавека.
– Прырода, родныя мясціны, успаміны пра дзяцінства, маладыя гады, філасофія жыцця – гэтыя і шматлікія іншыя тэмы знайшлі адлюстраванне ў Вашай творчасці. Але я ведаю, што ў Вашым паэтычным партфелі ёсць і верш-парада аб здароўі. Падзяліцеся ёю з нашымі чытачамі.
– Калісьці ў Маскве я напісаў верш на рускай мове, які цалкам адпавядае тэматыцы часопіса "Здаровы лад жыцця". Верш і жартоўны, і сур'ёзны, напісаўся на адным дыханні. Называецца “Парады любімаму сэрцу”. Без перабольшвання, гэта пакладзеныя на вершаваную мову парады ўрачоў, як падтрымліваць у жаданым, здаровым стане галоўны орган чалавечага арганізма. Цяпер, з Вашай падказкі, буду чытаць яго на сустрэчах з чытачамі…
Советы любимому сердцу
Читая советы, как сердцу помочь,
Открыл чрезвычайно занятные.
Я ими с тобой поделиться непрочь
В минуты досуга приятные.
Советуют пить каждый день молоко –
Три раза, не меньше, желательно.
И станет сердечку комфортно, легко,
Войдёт в нужный ритм обязательно.
Полезен, ну очень, гранатовый сок,
Стакан – и сил сразу прибавится.
Кровь будет спокойно стучаться в висок,
Сосуды от бляшек избавятся.
Советуют рыбу включать в рацион,
Два раза в неделю достаточно, –
Даёт она крови хороший разгон,
И сердце не жмёт недостаточность.
А лишний грамм соли не стоит просить –
Совет, как мне кажется, знаковый.
В еду лучше соевый соус вносить,
А вкус, говорят, одинаковый.
Бесспорно и то, что полезнее сна
Для сердца немного отыщется,
И ночь не случайно ему так верна –
Одна лишь плохая из тысячи.
А пользу от смеха и вовсе ни с чем
Сравнить никогда не получится.
Смеяться сердечку над кучей проблем
Полезно по каждому случаю.
Дышать полной грудью, дышать глубоко –
Совет, что граничит с улыбкою.
Тому, кто его отшибает легко,
Жить будет труднее с ошибкою.
Гимнастика утром – первейший совет,
Годами, веками проверен он,
С вершины седых, мною прожитых лет
Его подтверждаю уверенно.
А вот и ещё любопытный пассаж:
Есть польза от музыки джазовой.
Поймать бы такой музыкальный кураж,
Ходить на концерты не разово.
Все эти советы нельзя обходить,
Нельзя оду петь междометиям –
Иначе, как сердцу помочь-угодить,
Как верить в своё долголетие?
Я верю врачам и учёным всегда,
Но выскажу личное мнение:
Все эти советы полезны тогда,
Когда в сердце есть вдохновение.
Когда это сердце любовью живёт,
Своей, и взаимной, ответною,
И с ней полноводной рекою плывёт
В просторы счастливые, светлые.
Влюблённому сердцу ничто не вредит,
Любая нагрузка посильная.
Таков мой, поэта, о сердце вердикт.
Выходит, любовь лишь всесильная.
Між іншым, у мяне ёсць і паэма на тэму здаровага ладу жыцця – “Бярозавік”, у якой я паспрабаваў паэтычнымі сродкамі стварыць своеасаблівы гімн каралю нашай зямлі ў веснавую пару – бярозаваму соку, яго карысці для здароўя чалавека.
– Не магу не спытацца: Вы прыхільнік здаровага ладу жыцця?
– Напэўна, Вас не задаволіць мой адказ на гэтае пытанне адным словам. Таму дазвольце невялікае адступленне.
Як Вам вядома, у нашай краіне штогод уручаецца спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларускі спартыўны Алімп”. Гэтая прэмія прысуджаецца па выніках кожнага года адпаведным указам Кіраўніка дзяржавы людзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё і папулярызацыю фізічнай культуры і спорта. Ёю ўзнагароджваюцца спартсмены, якія дасягнулі выдатных спартыўных вынікаў, праслаўляюць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах, трэнеры, якія выхавалі і падрыхтавалі спартсменаў высокага класа. Дарэчы, сярод узнагароджаных – і журналісты, якія прапагандуюць спартыўныя дасягненні і здаровы лад жыцця. Цяпер магу прызнацца, што у свой час гэтую ідэю прапанаваў я, працуючы ў Адміністрацыі Прэзідэнта, і ўпершыню яна прагучала на нарадзе з кіруючымі кадрамі Беларусі ў 2003 годзе ў выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.
Гэта падштурхнула мяне рэалізаваць такі падыход і на сямейным узроўні. Некалькі гадоў таму мы вырашылі па выніках кожнага года вызначаць лепшых сярод нас: хто стаў асабліва адметным у сям’і сваёй прафесійнай працай ці іншымі асабістымі дасягненнямі. Галоўная намінацыя – “Чалавек года”. А перад аб’яўленнем пераможцы адзначаем відавочныя поспехі сямейнікаў па розных напрамках. Вынікі сямейнага конкурсу мы падводзім на Каляды, калі, па даўняй традыцыі, збіраемся ўсе разам за святочным сталом. А гэта 11 чалавек, па сутнасці чатыры сем’і, якія жывуць асобна, але гэта самыя родныя і блізкія людзі, таму мы лічым сябе адной вялікай сям’ёй. Сярод намінацый ёсць і такая – “Сямейны спартыўны Алімп”. Яе атрымлівае той з нас, хто на працягу года найбольш актыўна займаўся фізкультурай і спортам. Гаворка ідзе, вядома, не пра высокія спартыўныя дасягненні, а пра стаўленне да свайго здароўя, пра рэгулярныя заняткі фізічнымі практыкаваннямі, наведванне басейна, спартыўных секцый і г. д.
– Якое месца спорт, фізічная культура займалі ў Вашым дзяцінстве, юнацтве і цяпер, у гэтым выдатным узросце?
– У мяне вясковыя, сялянскія карані. Маленства прайшло на Гродзеншчыне, на левым беразе Нёмана, надзвычай прыгожым, маляўнічым. Вакол маёй вёскі Крывічы бацька-Нёман некалі зрабіў паўкруг, пакінуўшы людзям ладны кавалак, сотні гектараў, лугу (на вялікі жаль, сёння луг зарастае лесам). Хараство гэтага прынёманскага кутка калісьці ўскалыхнула сэрца Уладзіслава Сыракомлі падчас яго краязнаўчай вандроўкі па нашай славутай рацэ, што знайшло адлюстраванне ў яго кнізе “Нёман”.
Тут, на рачным беразе, мы вудзілі рыбу, бесклапотна бавілі амаль увесь вольны час. Да ракі бегалі басанож па роснай лугавой сцежцы. У той час яшчэ была запатрабаванай прафесія плытагонаў, якія сплаўлялі ўніз па рацэ звязаныя плыты. Мы, як заварожаныя, гадзінамі суправаджалі гэты дзіўны караван, калі-нікалі смела падплывалі да плытоў, слухалі песні плытагонаў, прасілі ў іх кавалачак хлеба (і нам ніколі не адмаўлялі ў гэтым, часам выкідвалі на мурожны бераг згаладалай за дзень дзятве цэлы бохан). А калі Нёман разліваўся да самай вёскі, то загнаць нас у хату было немагчыма. Паводка была для нас такой радаснай падзеяй, з якой нішто іншае ў вясковым жыцці параўнацца не магло. Памятаю, нават на заняткі ў нашу васьмігадовую школу нас падвозілі на чайках (лодках) або байдаках. І купаліся мы ў Нёмане і ў прырэчных азёрах з самай ранняй вясны, як толькі прыгравала сонейка і сыходзіла вялікая вада.
Мая фізічная загартоўка бярэ пачатак адтуль, з вясковага маленства, дзе нас рана далучылі да цяжкай сялянскай працы, дзе мы самастойна навучыліся плаваць, дзе гадзінамі ганялі футбольны мяч. У вёсцы і вакол яе было некалькі нязгоршых футбольных палёў, з галоўным стадыёнам на беразе Нёмана, дзе прымалі футбольныя каманды з іншых вёсак. Былі ў вёсцы і простыя валейбольныя пляцоўкі, сетку і валейбольны мяч часцяком куплялі за кошт уласных ахвяраванняў. У зімні перыяд мы, хлапчукі і падлеткі, з задавальненнем ганялі шайбу-бляшанку на замерзлым возеры, пры гэтым самі майстравалі канькі, выкарыстоўваючы кавалак драўніны і тоўсты дрот.
І школьныя ўрокі фізкультуры запомніліся на ўсё жыццё. Іх у маім дзяцінстве не лічылі другараднымі. Адставаць ад равеснікаў у фізічнай падрыхтоўцы было сорамна, і нікому з нас не хацелася. Таму ладзілі невялікія спартыўныя пляцоўкі ў сваіх дварах, з турнікамі для падцягвання, сектарамі для скачкоў у даўжыню і вышыню. І мы, за рэдкім выключэннем, паспяхова спраўляліся са спартыўнымі нарматывамі на значок ГПА. Апошні раз я здаў нарматывы на гэты значок у дваццаціпяцігадовым узросце, калі вучыўся ў Маскве. Фізічныя практыкаванні, якія запомніліся са школьнай і юнацкай пары, я і цяпер выконваю падчас ранішняй гімнастыкі.
З гадамі значэнне фізічных заняткаў толькі ўзрастае. Гэта адчуваеш і без падказкі дактароў. Акрамя ранішняй гімнастыкі, я прывучыў сябе як мага болей хадзіць па горадзе пешшу, калі прыемна сумяшчаць нейкія гаспадарчыя клопаты з прагулкай. Насупраць майго дома – Парк Перамогі, Камсамольскае возера, так што хадзіць ёсць дзе. А ў зімовы час, калі прырода не шкадуе снегу, тут і на лыжах можна хадзіць. На працягу многіх гадоў займаюся ў хатніх умовах на велатрэнажоры, “прабягаю” кожны дзень па 15 кіламетраў.
– Што, на Вашу думку, не дазваляе маладым сёння быць здаровымі?
– Найперш – дрэнныя звычкі: курэнне, ужыванне наркотыкаў і алкаголю, сексуальная разбэшчанасць. Яны вокамгненна знішчаюць здароўе маладых людзей, пазбаўляюць іх жыццёвага рэалізму, стваральнай энергіі і сапраўднай радасці. Перашкаджае і тое, што многія падлеткі, юнакі і дзяўчаты бяздумна бавяць свой час у розных тусоўках, засяроджаны на другарадным, дробязным, і гэта не дазваляе ім раскрыць свой багаты прыродны патэнцыял, развіць яго з максімальнай карысцю для сябе і грамадства. Свае памылкі яны зразумеюць пазней, калі выправіць іх будзе цяжка або зусім немагчыма.
Мы, людзі сталага ўзросту, не можам ставіцца да гэтага абыякава, не маем права не заўважаць ці моўчкі абыходзіць такія негатыўныя з’явы і ганебныя паводзіны. Трэба цярпліва і настойліва весці з маладымі дыялог, пераконваць іх у тым, што нельга абкрадаць саміх сябе, аддаваць, як кажуць, чорту лысаму самае каштоўнае, што дадзена чалавеку, – здароўе і час.
Моладзь – наша змена, якой яна вырасце, такім і будзе працяг нашых спраў, такой і будзе памяць пра нас. Такой, у рэшце рэшт, будзе і наша краіна. Патрэбны высілкі ўсяго грамадства, каб маладыя беларусы выраслі здаровымі і здольнымі годна працягваць летапіс дасягненняў нашага народа.
– Ці ёсць у Вас свой рэцэпт здароўя?
– Не, такога рэцэпта ў мяне няма. Люблю простую ежу з натуральных прадуктаў, за прысмакамі не ганяюся. І лічу вельмі важным для сябе праводзіць найбольш часу на свежым паветры.
– Вашы пажаданні чытачам часопіса “Здаровы лад жыцця”.
– Мой шматгадовы жыццёвы досвед пераконвае мяне ў тым, што самы высокі Алімп – уласнае фізічнае і маральнае здароўе. Берагчы і ўмацоўваць яго – не толькі асабісты выбар. Гэта і абавязак перад сям’ёю, перад роднымі і блізкімі, а па вялікаму рахунку – і патрыятычны абавязак, калі мы шчыра любім сваю Радзіму і хочам спрыяць развіццю яе эканамічнага і духоўна-культурнага патэнцыялу.
Будзьце заўсёды здаровыя! Дапамагайце быць здаровымі сваім родным і блізкім, асабліва дзецям! Даражыце кожным днём свайго жыцця – Бог даруе яго нам сапраўды толькі адзін раз!
Падрыхтавала Алена Жалабковіч
Фота да гутаркі з архіва І. Карэнды
Пожалуйста зарегистрируйтесь