Уладзімір Ліпскі. Мая Беларусь

Беларуская вёска Дастоева

на Палессі —

радаводная крынічка

Фёдара Дастаеўскага.

Пінскі князь некалі надзяляў

землямі ў Дастоеве самых

дастойных людзей.

Там і цяпер жывуць

Ткачовы, Кажуховы, Бондары.

І ва ўсёй маёй Беларусі 

дужа багата людзей з прозвішчамі,

у аснове якіх —

даўнейшыя дастойныя ўмельцы:

Чобатавы, Тапарковы, Цесляры,

Кавалёвы, Калеснікі, Млынаровы,

Шаўцовы, Краўцовы, Шапавалы,

Кухаравы, Ложкіны, Печнікавы,

Гаршковы, Крупадзёравы, Сталяровы…

Нам жа застаецца помніць і ведаць

старажытных дзелавых майстроў.

Ды самім не горшаць.

З гонарам і дбайна

праносіць па жыцці ўсё

вартае спадчыны, добрых традыцый

нашай роднай Бацькаўшчыны.

Для гэтага ёсць народны рэцэпт:

бярыце новы дзень,

ачышчайце яго ад раўнадушша,

зайздрасці, сквапнасці, смутку,

дадайце тры кварты аптымізму,

добрую жменю веры,

лыжку цярпення,

фунт павагі і дабрыні.

Увесь навар заліце любоўю.

І вы атрымаеце памятны дзень.

А з дзён, якія не прамінулі,

а запомніліся,

і складаецца наша жыццё

ў зямным раі.

 

 

Мама —

самае старажытнае беларускае слова.

Мамы — золата Беларусі.

Каб дзеці не хварэлі,

ішлі шукаць бяссмертнік.

Каб дзеці не галадалі,

збіралі чарніцы, грыбы, арэхі.

Каб дзеці раслі неляніўцамі,

выхоўвалі іх мазалямі.

Калі падступаў да хаты вораг,

затулялі іх ад куль.

Калі дзеці траплялі ў бяду,

аддавалі ім сваё сэрца,

бяссонне, пяшчоту.

Вялікія Мамы Беларусі:

 

 

 

Зіна Тусналобава-Марчанка —

гераіня вайны, без рук і без ног

вырасціла сына і дачку.

Багуміла Луцэвіч —

нарадзіла Янку Купалу.

Настасся Купрыянава —

пяцёра яе сыноў

мужна загінулі за Айчыну.

Кацярына Лукашэнка,

простая, працавітая сялянка,

выгадавала, паставіла на крыло

свайго адзінага сына —

першага Прэзідэнта Беларусі.

Што ведаем мы пра гэтых

сціплых, цярплівых мам?

Да крыўднага вельмі мала…

А яны маглі б расказаць,

як гадаваліся іх дзеці,

чым цікавіліся,

як і з кім сябравалі…

Шкада, апавядальніцы на нябёсах.

Хай жа адтуль яны спрыяюць

і сваім дзецям, унукам, праўнукам,

і ўсім нам, беларусам,

каб мы дайшлі да Беларусі,

пра якую марыў і сніў

наш геній Янка Купала…

Мамы Беларусі выхоўвалі дзяцей

па правілах продкаў:

я даю табе,

каб ты даў свайму наступніку;

будзеш цярплівы,

то станеш шчаслівы;

адганяй ад сябе трох ворагаў —

баязлівасць, зайздрасць, пагарду…

Так вось і ўступілі мы ў ХХІ век.

Маліся за Маму, чалавек!

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь