Напрыканцы сакавіка адбылося прэзентацыйнае мерапрыемства «Вясновыя перазовы: Жанчыны-творцы на старонках сакавіцкага нумара “Роднага слова”».
Яно адкрыла новы праект “Літаратурная брама XXI стагоддзя”, які рэдакцыя часопіса ажыццяўляе сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Выдавецкім домам “Звязда”. Новым стаў і фармат мерапрыемства. На гэты раз гасцям на прыкладзе толькі адной тэмы нумара прапанавалі пазнаёміцца са шматлікімі праектамі і ініцыятывам выдання, якія штомесяц увасабляюцца разам з партнёрамі “Роднага слова”.
Ужо не першы год галоўнымі гераінямі сакавіцкага нумара становяцца жанчыны-творцы. Сёлета гэта паэткі Ганна Новік і Еўдакія Лось, чые юбілеі прыпадаюць на сакавік; паэткі-сучасніцы Соф’я Шах і Людміла Кебіч, а таксама плеяда пісьменніц, чые творы склалі зборнік жаночай навелы з кніжнай серыі “Сучасная беларуская літаратура”; Ларыса Александроўская і Яўгенія Пфляўмбаўм, якія сталі гераінямі архіўных даследаванняў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнуліся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік і яго намеснік па навуковай рабоце Алеся Кузняцова, якая стала сувядучай мерапрыемства.
Галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран прапанавала разам “пагартаць” старонкі свежага нумара і пазнаёміла гасцей з дайджэстам сакавіцкіх публікацый. Асаблівую ўвагу выклікала “галерэя” сяброўскіх шаржаў на Еўдакію Лось, што друкуюцца ў межах аўтарскага праекта “У анталогію сяброўскага шаржу”.
Як даніна памяці беларускіх пісьменніц, чыя спадчына працягвае жыць у ХХІ стагоддзі, прагучалі паэтычныя радкі Еўдакіі Лось, Яўгеніі Пфляўмбаўм і Яўгеніі Янішчыц у выкананні Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай.
Далей быў прэзентаваны супольны праект “Роднага слова”, Саюза пісьменнікаў Беларусі і філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: цыкл літаратуразнаўчых водгукаў на кніжную серыю “Сучасная беларуская літаратура”. Кандыдат філалагічных навук Ірына Шматкова, чыя рэцэнзія на зборнік жаночай навелы “Размова з люстэркам” распачала гэты цыкл, падзялілася меркаваннем адносна паняцця “жаночая літаратура” і яго гісторыі.
Да размовы далучылася загадчык аддзела культуры газеты “Звязда”, вядомая пісьменніца Людміла Рублеўская, якая расказала пра ўласныя архіўныя даследаванні, прысвечаныя гераіням нумара Ларысе Александроўскай і Яўгеніі Пфляўмбаўм.
Аповед пра прыму беларускай сцэны знайшоў працяг і падчас прэзентацыі праекта “Ex archivo”, які ажыццяўляецца часопісам супольна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. Яго дырэктар Алена Макаранка распавяла гісторыю публікацыі шчымлівай любоўнай перапіскі. Яна стала сведчаннем не толькі пачуццяў Ларысы Александроўскай, але і трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. У імправізаваным музычным салоне народнай артысткі Беларусі прагучала інструментальная музыка ад струннага ансамбля “La vie” і вакальныя нумары ў выкананні студэнтак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
У межах шматгадовага часопіснага праекта “Культурныя повязі” адбылося выступленне выкладчыцы Прафесійна-тэхнічнага ўніверсітэта кітайскага горада Саньмэнся (Кітай) Луань Ін, прысвечанае тэме кахання ў кітайскіх народных легендах і паданнях. Яго ўпрыгожыла песня “Бярозка” (словы А. Вялюгіна, музыка І. Лучанка) у бліскучым выкананні студэнта магістратуры БДАМ Дун Гуаньнаня.
У фінальнай частцы мерапрыемства гасцей чакаў абяцаны сюрпрыз. Падчас прэзентацыі праекта “Архітэктурная спадчына: са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” вядучы навуковы супрацоўнік музея Настасся Трафімчык прадставіла жывапіснае палатно “Подых вясны”, якое належыць Раісе Кудрэвіч. Яна адзіная жанчына сярод народных мастакоў Беларусі. Твор аздобіў сакавіцкі нумар “Роднага слова” і толькі на вечар пакінуў фонды Нацыянальнага мастацкага музея дзеля гасцей і ўдзельнікаў “Вясновых перазоваў” напярэдадні 105-годдзя мастачкі.