2 сакавіка 2023 г. у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася часовая экспазіцыя друкаваных выданняў “Перабытых часаў ніць”. У яе адкрыцці прынялі ўдзел намеснік галоўнага рэдактара Наталля Матусевіч і рэдактар аддзела Ілля Касько. Яны пазнаёміліся з унікальнымі выданнямі з так званага “кола чытання” паэта, датаванымі канцом XIX – пачаткам XX ст., рэдкімі часопісамі 1920--1930-х гг. з яго асабістай бібліятэкі, нумарамі, якія прысвячаліся юбілейным датам народнага паэта, часопісамі з падпіскі Песняра.
У прывітальным слове Н.Матусевіч расказала пра асноўныя накірункі шматгадовага супрацоўніцтва рэдакцыі і музея, адзначыла важнасць захавання і папулярызацыі творчай спадчыны класіка беларускай літаратуры ў перыядычным друку. З мэтай пашырэння музейнага фонду рэдакцыя «Беларускага гістарычнага часопіса» падаравала два юбілейныя нумары часопіса з артыкуламі, прысвечанымі жыццёваму і творчаму шляху Якуба Коласа.
На выставе нароўні з друкаванымі выданнямі прадстаўлены мастацкія работы, створаныя на міжнародным плэнэры Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, прымеркаваным да 140-х угодкаў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.