На мінулым тыдні “Роднае слова” сустракалі ў Мазыры, з якім часопіс звязваюць даўнія творчыя стасункі.

У круглым стале, арганізаваным Мазырскім раённым вучэбна-метадычным цэнтрам, узялі ўдзел некалькі пакаленняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры рэгіёна. Гэтая сустрэча невыпадкова адбылася ў СШ № 16 Мазыра, дзе працуе сталы аўтар выдання, настаўнік кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Яўген Есіс.

У праграме круглага стала «Патэнцыял часопіса “Роднае слова” ў практычнай дзейнасці настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры» прагучала выступленне галоўнага рэдактара Наталлі Шапран. У фармаце майстар-класа ўласным вопытам прафесійнага ўзаемадзеяння з навуковым СМІ пазнаёміў калег Яўген Есіс.

Вялікую цікавасць прысутных выклікала паведамленне зямлячкі – настаўніцы беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” СШ № 14 Мазыра Ірыны Казачэнкі, якая прэзентавала ў кастрычніцкім нумары часопіса метадычную распрацоўку сістэмы ўрокаў беларускай літаратуры ў ХІ класе «Вывучэнне рамана “Чорны замак Альшанскі” Уладзіміра Караткевіча з выкарыстаннем матэрыялаў аўтарскага вэб-рэсурсу».

Плённа прайшла сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна, якую адкрыла дэкан факультэта Таццяна Сымановіч. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй і дзейнасцю часопіса, падзяліліся вопытам супрацоўніцтва з “Родным словам” і адзначылі яго важную ролю ў прафесійным станаўленні навукоўца і педагога.


