21 студзеня 2026 года з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння паэта Сярэбранага веку Сяргея Ясеніна ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Ясенін. Бясконцая легенда. Жывапіс. Графіка. Скульптура”.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўдзельнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Вячаслававіч Грызлоў, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Іосіфавіч Чарнецкі, генеральны дырэктар Музея Ірына Уладзіміраўна Мацяс, Міністр культуры Варонежскай вобласці Марыя Аляксандраўна Мазур, бізнесмен, мецэнат, суарганізатар творчых праектаў Уладзімір Аляксандравіч Бубноў, народны артыст Расійскай Федэрацыі Сяргей Бязрукаў і іншыя ганаровыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Высокія госці адзначалі, што творчасць Сяргея Ясеніна аб’ядноўвае пакаленні, народы і культуры. Рускі паэт падараваў свету бессмяротныя мастацкія вобразы, напоўненыя любоўю да Радзімы і глыбокімі патрыятычнымі пачуццямі.

У часовай экспазіцыі прадстаўлены больш за 100 твораў жывапісу, графікі і скульптуры сучасных мастакоў, натхнёныя паэзіяй вялікага рускага лірыка, а таксама мемарыяльныя дакументы і рукапісы. На мастацкіх палотнах занатаваны асаблівасці ясенінскага светапогляду, яго творчасці, прыгажосці рускіх даляглядаў, успрыняцця паэтам віхуроў гістарычных падзей і жыццёвых калізій.
У рамках партнёрскага пагаднення паміж музеем і выдавецтвам на адкрыцці выставы прысутнічала намеснік галоўнага рэдактара рэдакцыі выдання “Беларускі гістарычны часопіс” Наталля Уладзіміраўна Матусевіч. Калектыву выдавецтва Сяргей Бязрукаў ласкава пакінуў аўтограф у каталогу выставы са збору Народнага музея Сяргея Ясеніна ў Варонежы.


