95-годдзе Уладзіміра Караткевіча рэдакцыя навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” сустрэла не толькі нумарам-альманахам, прысвечаным класіку айчыннай літаратуры, але і насычанай праграмай мерапрыемстваў, якія не засталіся без увагі СМІ.

Караткевіцкі тыдзень распачаўся круглым сталом “Нацыянальны літаратурны скарб Беларусі: творчасць Уладзіміра Караткевіча” ў Доме прэсы. Адным са спікераў выступіла галоўны рэдактар часопіса Наталля Мікалаеўна Шапран, якая прэзентавала грамадскасці адметныя часопісныя публікацыі, што ўвайшлі ў нумар-альманах “Роднага слова”.


26 лістапада адбыўся круглы стол “Феномен даследчыцкай зацікаўленасці і чытацкага шанавання: да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча”, які рэдакцыя “Роднага слова” ладзіла сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Удзельнікі мерапрыемства, прадстаўнікі навуковай і пісьменніцкай супольнасці, звярнуліся да праблем сучаснага караткевічазнаўства, акрэсліўшы шматгадовую перспектыву даследавання жыцця і творчасці пісьменніка. Часткай праграмы гэтага дня народзінаў стала куратарская экскурсія па юбілейнай выставе “Вясна ўвосень”, якая напярэдадні адкрылася ў музеі.

Адлюстраваннем плённага ўзаемадзеяння “Роднага слова” з навукова-асветніцкімі ўстановамі краіны стала святочнае мерапрыемства “Дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча ў Мастацкім”, якое прайшло 27 лістапада. Сімвалічна, што яно пачалося з дамовы аб супрацоўніцтве паміж выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, урачыста падпісанай дырэктарам выдавецтва Валянцінам Янавічам Навагродскім і генеральным дырэктарам музея Ірынай Уладзіміраўнай Мацяс.

Далейшая праграма гэтага вечара, прысвечанага Уладзіміру Караткевічу, нібы прэзентавала мастацтвазнаўчыя публікацыі, што выйшлі на старонках нумара-альманаха “Роднага слова”.

Так, у межах “Арт-лекторыя” (сталай часопіснай рубрыкі, што працуе і ў афлайн-фармаце) прагучала лекцыя “Уладзімір Караткевіч у творах збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” вядучага навуковага супрацоўніка музея Настассі Трафімчык. Дарэчы, госці мелі магчымасць убачыць жывапіснае палатно мастака Уладзіміра Тоўсціка пад назвай “І проста лягу пад белы снег... Памяці Уладзіміра Караткевіча”, што адкрывае роднасловаўскі нумар-альманах і толькі на час святкаванняў пакінула фонды музея.

Сапраўдным падарункам стала канцэртная частка імпрэзы, падрыхтаваная студэнтамі і выкладчыкамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Праграму “Пад белымі крыламі” склалі творы айчынных кампазітараў, якія ўвасобілі прозу У. Караткевіча ў оперным мастацтве.

Віртуознае выкананне, натхнёны канферанс і... шчымлівыя словы самога Уладзіміра Сямёнавіча, які нібы звярнуўся з архіўнага відэа да ўсіх, хто прыйшоў у той вечар адзначыць яго дзень народзінаў у Мастацкім.


