120-годдзе народнага паэта Петруся Броўкі навуковы і метадычны часопіс «Роднае слова» сустрэў у музеі-кватэры літаратара. З юбілейнай нагоды там прайшоў круглы стол, дзе прагучала паведамленне галоўнага рэдактара выдання Наталлі Шапран з асэнсаваннем гісторыі публікацый броўкаўскай тэматыкі на старонках «Роднага слова» за амаль чатыры дзесяцігоддзі.
Цікава, што пачаткам гэтай гісторыі стаў літаратуразнаўчы артыкул, прысвечаны творчасці пісьменніка, надрукаваны ўжо ў першым нумары выдання ў 1988 г. А вось у апошнім, чэрвеньскім, выпуску «Роднага слова» традыцыю працягнулі матэрыялы аўтараў, якія звярнуліся да асобы класіка і яго спадчыны праз архіўныя пошукі і тэксталагічны аналіз, а таксама праз досвед вывучэння ў школьнай праграме.
У дзень народзінаў паэта адбылося і адкрыццё выставы сяброўскіх шаржаў – супольнага праекта часопіса і Літаратурнага музея Петруся Броўкі, ажыццёўленага ў межах добра вядомага чытачам «Роднага слова” аўтарскага цыкла «У анталогію беларускага шаржу», дзякуючы якому ў навуковы зварот вяртаюцца дзясяткі твораў гэтага жанру.