Ззяй, сябра «Вясёлка»!


20 красавіка ў сталічным Палацы прафсаюзаў адбылося святкаванне 60-годдзя дзіцячага часопіса «Вясёлка».

   На свята з’ехаліся не толькі дзеці з розных рэгіёнаў Беларусі, але і дарослыя, сярод якіх былі знакамітыя дзіцячыя пісьменікі і паэты, настаўнікі, дзеячы культуры, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Сакрэт такой папулярнасці дзіцячага выдання просты: шмат хто з гасцей гаварыў пра тое, што ён сам ці яго дзеці або ўнукі выхоўваліся менавіта на «Вясёлцы».

    Сутнасць дзіцячага выдання добра перададзена ў віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка, якое прачытала са сцэны палаца Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч: «На працягу многіх гадоў ваша выданне служыць надзейным сябрам і добрым дарадчыкам для юных чытачоў, дапамагае выхоўваць у маладога пакалення любоў да Радзімы, павагу да нашай мовы, гісторыі і культуры. Дзейнасць часопіса заўсёды была накіравана на развіццё лепшых традыцый беларускай дзіцячай літаратуры і журналістыкі». Кіраўнік дзяржавы павіншаваў калектыў рэдакцыі часопіса з 60-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара выдання.

   Падзякі, медалі, пачэсныя званні ў гэты святочны дзень атрымалі галоўны рэдактар часопіса Уладзімір Ліпскі і яго супрацоўнікі. Высокія ўзнагароды вясёлкаўцам ўручалі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага Саюза журналістаў. З віншавальнымі словамі да нашых сяброў і партнёраў, з якімі мы сумесна выдаём статомную «Бібліятэку часопiса “Вясёлкі”», звярнуўся дырэктар нашага выдавецтва «Адукацыя i выхаванне» Мікалай Супрановіч. За шматгадовае плённае супрацоўніцтва і вялікі ўклад у развіццё сумесных праектаў наша выдавецтва адзначыла ганаровымі граматамі Уладзіміра Ліпскага і яго намесніка Анастасію Радзікевіч.

«Вясёлка» аддзячыла сваіх сяброў не толькі яскравымі выступленнямі дзіцячых калектываў і ўжо традыцыйным шыкоўным дэфіле, на якім былі прадстаўлены калекцыі дзіцячага аддзення, але і ганаровымі званнямі «Сябра дзяцей». Пасведчанне № 1 аб прысваенні гэтага пачэснага звання з рук Уладзіміра Ліпскага атрымала міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч. Сярод узнагароджаных «сяброў дзяцей» быў i дырэктар нашага выдавецтва.

Таксама Уладзімір Ліпскі ўручыў міністру інфармацыі нашу навiнку — першы экзэмпляр выдадзенай нашым выдавецтвам кнігі «Урокі “Вясёлкі”» педагога Ірыны Буторынай.

Удзельнiкi мерапрыемства з вялiкiм захапленнем знаёмiлiся з кнiгамi «Адукацыi i выхавання». Свята атрымалася яркім і шматколерным, як сапраўдная вясёлка.


Тэкст i фота А. Каменчукова

Ззяй, сябра «Вясёлка»!
Ззяй, сябра «Вясёлка»!
Ззяй, сябра «Вясёлка»!
Ззяй, сябра «Вясёлка»!
Ззяй, сябра «Вясёлка»!
Ззяй, сябра «Вясёлка»!
 
Написать комментарий  ↓