Школа астрамечаўскага мужыка


Прэзентацыя выдання «Аляксей Скакун. Жыццё і працоўны подзвіг» адбылася на XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе
Завяршылася XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Літаратары скарысталі шанец убачыць лепшыя ўзоры выдавецкай справы 31 краіны свету. І традыцыйна гэта знаёмства было яскравым дзякуючы прэзентацыям новых выданняў. Адно з такіх — кніга “Аляксей Скакун. Жыццё і працоўны подзвіг”, якую выпусціла “Адукацыя і выхаванне” ў серыі “Асобы”.

ПРАЕКТ надзвычай цікавы, бо ў ім выходзяць тамы пра суайчыннікаў, якімі ганарыцца суверэнная Беларусь, распавёў “СГ” адзін з аўтараў кнігі, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі:

— З выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” ў нашага часопіса даўняе сяброўства: супрацоўнічаем, ствараючы кніжкі з серыі “Бібліятэка “Вясёлкі”. Зрабіць выданне пра Аляксея Скакуна, былога кіраўніка славутай брэсцкай гаспадаркі “Астрамечава”, мне прапанаваў дырэктар выдавецтва Мікола Супрановіч. Справа ў тым, што раней убачыла свет мая аповесць пра Аляксея Сцяпанавіча “Мужык”. Спачатку на беларускай мове, потым яна была перакладзена на рускую. У выніку аповесць склала адну частку кнігі. У другой мы сабралі 25 эсэ, аўтары якіх знакамітыя ў краіне людзі, асабіста знаёмыя з вядомым аграрыем. У тым ліку старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, кампазітар Ігар Лучанок, касманаўт Пётр Клімук.

Кнігі пра жыццё славутых суайчыннікаў, якія могуць быць прыкладамі для моладзі, павінны з’яўляцца ў друку. І Аляксей Скакун, які больш за 40 гадоў кіраваў паспяховай астрамечаўскай гаспадаркай, — выдатнае таму пацвярджэнне. Гэта зазначыў у інтэрв’ю карэспандэнту “СГ” аўтар аднаго з артыкулаў, прафесар, былы намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Тозік:

— Аляксей Скакун выдатны чалавек, незвычайная асоба, а тое, што кніга пра яго ўбачыла свет, лічу правільным рашэннем. Бывае, мы забываем пра выдатных людзей, якія, аддаўшы ўсё, што могуць, працы, выходзяць на заслужаны адпачынак. Гэта не ёсць добра. І такія кнігі патрэбны не столькі самім героям, колькі менавіта тым, хто яшчэ толькі пачынае творчае, прафесійнае жыццё. Выданне пра Аляксея Скакуна, да прыкладу, будзе карысным многім кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак, якія працуюць сёння, каб наша зямля радзіла, а мы былі сытыя. З Аляксеем Сцяпанавічам я знаёмы ўжо больш чым 15 гадоў, з таго моманту, як узначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Мы добра ведалі гэтую перадавую гаспадарку. Часта сам ездзіў у Астрамечава, каб дакладней разабрацца ў сельгасвытворчасці. Мы пасябравалі, і сяброўства працягваецца. Упэўнены, Аляксей Сцяпанавіч можа даць яшчэ многа ведаў у сваёй сферы, падзяліцца вопытам. Было б добра, каб гэта разумелі яго паслядоўнікі.

Дарэчы, сёння ААТ “Астрамечава” кіруе зямляк Аляксея Скакуна Алег Бурак. На заслужаны адпачынак легендарны старшыня гаспадаркі пайшоў, пакінуўшы пасля сябе годную змену. Значыць, у Астрамечаве і надалей будуць гэтаксама клапатліва вырошчваць хлеб і працягваць традыцыі, закладзеныя Аляксеем Сцяпанавічам. У гэтым упэўнена заслужаны эканаміст Беларусі былы кіраўнік Нацыянальнага банка Надзея Ермакова:

— Вядома, што хлеб — усяму галава, а ў сельскай гаспадарцы мы атрымалі нядрэнныя поспехі. І прафесійны шлях Аляксея Скакуна — а з ім я знаёма з канца 1996 года — яскравае таму пацвярджэнне. Я тады кіравала адным з банкаў, ён — гаспадаркай, і калі былі нейкія пытанні, мы заўсёды абменьваліся меркаваннямі. Дарэчы, першае аддзяленне банка з банкаматам у сельскай мясцовасці мы тады адкрылі менавіта ў Астрамечаве. Удзячна лёсу, што ведаю Аляксея Сцяпанавіча: якраз такія, як ён, і вырошчваюць, песцяць самае галоўнае — хлеб, яны вялікія працаўнікі, мужныя, таленавітыя. Пра такіх асоб трэба гаварыць, а вёска на лепшых прыкладах павінна развівацца. Тым больш што намаганні дзяржавы ў гэтым плане прыкметныя: зроблена велізарная праца па стварэнні аграгарадкоў. І будзем спадзявацца, што праз колькі гадоў, 10 ці 20, людзі будуць імкнуцца ехаць жыць у вёску.

Уладзімір ЛІПСКІ і Аляксей СКАКУН (у цэнтры) падчас прэзентацыі кнігі “Аляксей Скакун. Жыццё і працоўны подзвіг”.

На прэзентацыю ў Мінск прыехаў і сам герой кнігі. Аляксей Скакун прымаў віншаванні з нагоды выхаду кнігі. У прыватнай гутарцы Аляксей Сцяпанавіч сціпла прызнаўся, што выхад кнігі для яго прыемная навіна. І толькі наказваў: “Каб жыць годна, трэба падыходзіць да справы добрасумленна, быць працавітым і цярплівым, настойлівым і адважным. Трэба абавязкова верыць у сябе, у людзей, у заўтрашні дзень. Сёння трэба ісці ўперад, больш бачыць перспектыву. Калі мы прыйшлі, пачыналі з касы і лапаты. А цяпер сельская гаспадарка — гэта механізмы і камп’ютары, гэта значыць высокія тэхналогіі”.

Дарэчы, серыя “Асобы” працягнецца кнігай пра яшчэ аднаго аграрыя. Рыхтуецца да друку выданне, прысвечанае Рыгору Бабчанку, дырэктару КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна. Там будзе апублікавана аповесць Уладзіміра Ліпскага “Бабчанкова асалода”, а таксама падборка вершаў вядомага старшыні гаспадаркі.


Беларусь сегодня, 13 февраля 2017
https://www.sb.by/articles/shkola-astramecha-skaga-muzhyka.html

 
Метки: CМI пра нас
Написать комментарий  ↓