Першы ў краіне даведнік па лiтаратурнай праўцы

  • 13 февраля 2017 11:16:51

 У апошні дзень працы Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу на Цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі адбылася прэзентацыя «Даведнiка па лiтаратурнай праўцы» Пятра Жаўняровіча.


Гэта першае ў нашай краіне выданне, у якім абагульняецца рэдактарскі досвед працы з беларускамоўнымі тэкстамі.


Пачалася прэзентацыя вершам Анатоля Грачанікава, які прачытала загадчык аддзела маркетынгу нашага выдавецтва Таццяна Іванова:


Мова... Родная мова.

У марах, у песнях, у снах

Мае ў ёй кожнае слова

Свой колер, і смак, і пах.


Сапраўды, менавіта для таго каб захаваць непаўторны смак і пах роднай мовы, і з’явіўся на свет даведнік, над якім аўтар працаваў 20 гадоў!

Аўтар кнігі, дацэнт кафедры літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук Пётр Жаўняровіч расказаў пра структуру даведніка і выказаў спадзяванне, што ён стане настольнай кнігай для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай. Найперш для настаўнікаў і выкладчыкаў беларускай мовы, выдаўцоў і рэдактараў, будзе карысны навучэнцам і студэнтам.


Вялікі поспех гэтай працы прадказаў аўтар прадмовы «Даведнiка па лiтаратурнай праўцы», загадчык кафедры літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў. Ён правёў паралель паміж працамі выбітнага расійскага фiлолага Разэнталя, які аказаў велізарны ўплыў на моўную культуру многіх пакаленняў рэдактараў і аўтараў Савецкага Саюза і ўвогуле на постсавецкую культуру, і даведнікам Пятра Жаўняровіча: "Можна сказаць, што такім вось сваеасаблівым Разэнталем для Беларусі становіцца Пётр Пятровіч Жаўняровіч".

Падкрэсліў Віктар Іванавіч і маштабную дзейнасць выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, якому даверыў аўтар выданне сваёй унікальнай працы, па далучэнні да адукацыйных каштоўнасцяў і настаўніцтва, і журналістаў, і вогуле шырокага кола людзей.

Тэкст i фота Аляксандра Каменчукова

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь