На Дзень пiсьменства з лепшымi навiнкамi
- 02 сентября 2019 12:14:06
На мяжы лета і восені ў Слоніме, адным са старажытнейшых гарадоў Беларусі, прайшоў 26-ы Дзень беларускага пісьменства. Гэта асаблівае свята для краіны. Як было сказана ў прывітанні ад Кіраўніка дзяржавы, якое прачытаў гасцям і ўдзельнікам свята намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч, «вялікая місія Дня пісьменства — абядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў ды матчынай мовы, выхоўваць беражлівыя адносіны да помнікаў даўніны».
Важнай падзеяй стала прымеркаванае да Дня пісьменства ўрачыстае адкрыццё ў цэнтры горада помніка Льву Сапегу — вядомаму ваеннаму і палітычнаму дзеячу ВКЛ, які меў пажыццёвы статус Слонімскага старасты. Выступаючы на цырымоніі адкрыцця помніка, міністр інфармацыі, пісьменнік і літаратуразнаўца А. Н. Карлюкевіч, у прыватнасці, сказаў: «Вялікія постаці беларускай гісторыі вяртаюцца ў нашу суверэнную краіну помнікамі, кнігамі, артэфактамі».
«Доўга і цярпліва мы чакалі гэтай падзеі, і нарэшце з глыбінь вякоў, адзеты ў бронзу, ён, Леў Сапега, прыйшоў», — у унісон яму канстатаваў падчас прэзентацыі ганаровы грамадзянін Слоніма, вядомы беларускі скульптар Іван Міско.
У святочных мерапрыемствах прыняла ўдзел каманда супрацоўнікаў нашага выдавецтва на чале з дырэктарам М. А. Супрановічам. У межах свята прайшла прэзентацыя навінкі выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» — кнігі пра палкоўніка міліцыі Віктара Пякарскага «Віктар Пякарскі: жыццё палкоўніка крымінальнага вышуку. Вяла прэзентацыю журналiст i рэдактар кнiгi Ларыса Кучарава.
Дырэктар выдавецтва i адзін з заснавальнікаў серыі біяграфічных кніг «Асобы» Мікалай Супрановіч распавёў прысутным пра гісторыю стварэння серыі:
— Нагодай для гэтага быў юбілей цікавейшай асобы — акадэміка НАН Беларусі Віктара Парфёнава. Потым быў шэраг кніг, героямі якіх сталі аграрыі, вучоныя, касманаўт, пісьменнік, разведчык, рэжысёр... Чарговай у серыi стала кніга пра Віктара Пякарскага, які ў свой час ўзначальваў Мінскі крымінальны вышук. Адметнасць гэтай асобы ў тым, што ён перадухіліў шмат злачынстваў на этапе, калі яны яшчэ не адбылiся. І рабіў шмат чаго, каб чалавек, якi задумаў нешта благое, памяняў сваё меркаванне і ўвогуле зыйшоў з коўзкай сцяжынкі. Аб тым, што людзі дагэтуль памятаюць, паважаюць і цэняць Віктара Канстанцінавіча Пякарскага, яскрава сведчыць і той факт, што ў дзень народжання ветэрана да яго заўсёды з'яджаюцца і шматлікія ветэраны МУС Беларусі, і былы вучні, і калегі, якія сёння стаяць на варце правапарадку.
Другі суаснавальнік серыі «Асобы», вядомы пісьменнік і грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі (які, дарэчы, таксама з’яўляецца героем гэтай серыі), падзяліўся сваімі ўражаннямі яшчэ ад кнігі пра савецкага разведчыка, воіна-афганца Уладзіміра Гаркавага.
Аўтар-складальнік кнігі Аляксандр Каменчукоў нагадаў словы Віктара Пякарскага аб тым, чаму ён, яшчэ ў падлеткавым узросце, вырашыў для сябе, што стане міліцыянерам: «Хацеў дапамагаць людзям, каб менш было гора».
Прэзентацыя завяршылася аўтограф-сесіяй Віктара Пякарскага.
На свяце была шырока прадстаўлена прадукцыя нашага выдавецтва, якая нязменна карысталася цікавасцю і ў дарослых, і ў дзяцей.
А яшчэ Дзень беларускага пісьменства даў цудоўную нагоду сустрэцца з нашымі добрымі сябрамі і аўтарамі выдавецтва — беларускім гісторыкам Віктарам Чаропкай і літоўскім пісьменнікам, галоўным рэдактарам часопіса для дзяцей «Тры зорачкі» Яронимасам Лауцюсам.
Пожалуйста зарегистрируйтесь