«Мы выкарыстоўваем усе магчымасці, каб крочыць у нагу з часам!»
- 30 сентября 2021 12:04:00
29 верасня ў ГЦ «Сталіца» адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця фірменнага кніжнага магазіна выдавецтва «Адукацыя i выхаванне».
За больш чым 20 гадоў дзейнасці на выдавецкім рынку нашай краіны «Адукацыя і выхаванне» назапасіла вялікі вопыт і стала найбуйнейшым у Беларусі. Яно актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі адукацыйнай палітыкі Міністэрства адукацыі.
На пачатку мерапрыемства начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Валянцінавiч Тамільчык зачытаў віншавальны адрас калектыву выдавецтва ад мiністра адукацыі Iгара Васільевіча Карпенкі. Па словах міністра, выдавецтвам створана ўнікальная серыя перыядычных выданняў для настаўнікаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі, а серыя «У дапамогу педагогу» стала сапраўдным брэндам выдавецтва і ахоплівае ўсе аспекты вучэбна-выхаваўчага працэсу. «Усе навукова-практычныя і навукова-метадычныя часопісы выдавецтва карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам сярод педагагічнай грамадскасці Беларусі. Выдавецтва знаёміць педагогаў з апошнімі інавацыямі ў адукацыі, садзейнічае самаразвіццю і паспяховай прафесійнай дзейнасці», — адзначыў міністр адукацыі.
Выступаючы з прывітальным словам, дырэктар выдавецтва Валянцін Янавіч Навагродскі нагадаў гасцям і ўдзельнікам, што прыярытэтным напрамкам дзейнасці выдавецтва з’яўляецца выданне высокапрафесійнай вучэбнай, вучэбна-метадычнай і навукова-папулярнай літаратуры. «Мы выдаём кнігі і часопісы, якія дапамагаюць настаўніку выконваць святую місію — вучыць і выхоўваць. Менавіта педагогам адрасаваны наш флагманскі часопіс “Адукацыя і выхаванне”, з якога вырасла ўнікальная серыя перыядычных навукова-метадычных выданняў “У дапамогу педагогу”. Важную ролю выконваюць часопісы “Пралеска”, “Пачатковая школа”, “Роднае слова” і іншыя нашы выданні. Вялікім попытам у школьнікаў карыстаюцца кнігі нон-фікшн серый “Cвет вандровак”, “99 захватывающих фактов”, “Лучшая коллекция школьника”. Для старшакласнікаў мы выдаём кнігі, якія дапамагаюць ім паспяхова падрыхтавацца да ЦТ.
Сёлета да нашай вялікай дружнай сям’і развіваючых дзіцячых часопісаў далучыліся яшчэ два выданнi: “Вясёлка” і “Буся”. Папаўненне ў сям’і — гэта заўсёды выдатна. З аднаго боку, перад намі адкрываюцца новыя магчымасці, а з другога — мы разумеем паўнату ўскладзенай на нас адказнасці за выхаванне юных беларусаў».
В. Я. Навагродскі адзначыў, што ў выдавецтва ёсць многае, каб паспяхова працаваць і рухацца наперад: «Перш за ўсё, гэта калектыў прафесіяналаў, які дапамагае кнізе прайсці складаны шлях ад рукапісу да кніжнай паліцы. Гэта яшчэ і паважаныя аўтарытэтныя аўтары, і рэцэнзенты, гэта любімыя нашы чытачы. Дзякуючы ўсім вам прадпрыемства з’яўляецца вядучым выдавецтвам у сферы адукацыі. Наша будучыня — у развіцці! І мы выкарыстоўваем усе магчымасці, каб крочыць у нагу з часам». Дырэктар падзякаваў аўтарам і рэцэнзентам за супрацоўніцтва, выказаў упэўненасць у яго паспяховым працягу і павіншаваў педагогаў з надыходзячым Днём настаўніка.
У рамках мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне 10 самых папулярных аўтараў выдавецтва «Адукацыя i выхаванне».
Узнагароджаныя пісьменнікі выступілі з зваротнай прамовай.
Аляксандр Карлюкевіч: «Кніга, якая выйшла з друкарні, нарадзілася дзякуючы не толькi аўтару, але i рэдактару кнігі, стыль-рэдактару, карэктару, мастаку, супрацоўнікам, якія займаюцца дызайнам і, канечне, маркетынгу, тым супрацоўнікам, якія распаўсюджваюць кнігу, каб яна сустрэлася з чытачом. Дзякуй за тое, што ўсе гэтыя складнікі, гэты мост выбудаваны ў выдавецтве вельмі трывала і грунтоўна!»
Уладзімір Ліпскі: «Я глыбока перакананы: кніга мудрая, выпеставаная сэрцам аўтара, акрыленая выхоўвае мускулы душы! Пад дахам выдавецтва сабраліся вельмі творчыя людзі, якія добра разумеюць, што такое кніга, умеюць натхніць аўтара. Хачу пажадаць выдавецтву новых узлётаў, новых адкрыццяў, новых кніг! Ну а мы, першыя лаўрэаты гэтай прэміі, абяцаем натхнёна працаваць!»
Дзмітрый Кашавар: «Якасна выдадзеная кніга, якая паспяхова прадаецца, — гэта заўсёды вынік зладжаных намаганняў каманды. Я ўдзячны выдавецтву за ўсямерную падтрымку інавацыйнай ідэі выпуску кніг з дапоўненай рэальнасцю і адказнасць у працэсе дадрукарскай падрыхтоўкі. Вельмі рады, што дзецям і дарослым падабаюцца такія кнігі!»
Упрыгажэннем мерапрыемства стала выступленне вакальнай студыі «Song» сталічнай гімназіі № 32.
Пасля аўтограф-сесіі з лаўрэатамі прэміі (сярод іх былі Аляксандр Карлюкевіч, Уладзімір Ліпскі, Янка Крук і Аксана Катовіч, Дзмітрый Кашавар і Ірына Буторына) госці наведалі кнігарню, дзе азнаёміліся з кнігамі і часопісамі для дзяцей і дарослых і ацанілі інавацыйныя магчымасці выданняў з дапоўненай рэальнасцю.
Тэкст: Аляксандр Каменчукоў
Фота: Марыя Арэх, Аляксандр Каменчукоў
Пожалуйста зарегистрируйтесь