Выхоўваць грамадзяніна праз кнігу: семінар-прэзентацыя ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі

  • 17 октября 2022 16:55:14

Семінар-прэзентацыя кніг грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” адбыўся 15 кастрычніка 2022 года ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Удзельнікі мерапрыемства — прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, намеснікі дырэктараў па вучэбнай і выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў.

У холе акадэміі была аформлена выстава кніг і часопісаў выдавецтва, цэнтральнае месца сярод якіх занялі выданні грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся В. В. Гінчук, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і В. Я. Навагродскі, дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. Важную ролю грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў праз кнігу і друкаванае слова падкрэсліла І. У. Каржова, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У рамках мерапрыемства прызамі і падзякамі выдавецтва адзначаны работнікі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці (лідар па афармленні падпіскі на перыядычныя выданні) і Гомельскай вобласці (самы чытаючы рэгіён — за найбольшую колькасць набытых за год кніг).

Госці прэзентацыі пазнаёміліся з кнігамі, выпушчанымі ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” да Года гістарычнай памяці. Гэтыя выданні садзейнічаюць выхаванню ў школьнікаў грамадзянскасці і патрыятызму, пачуццю гонару за сваю краіну, паважлівага стаўлення да яе дзяржаўных сімвалаў, захаванню жывой памяці пакаленняў.

Знакавы праект, прадстаўлены на мерапрыемстве, — дапаможнік “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку”. Выданне, якое традыцыйна ўручаецца кожнаму першакласніку ў Дзень ведаў, сёлета выйшла ў абноўленай канцэпцыі. Матэрыялы дапаможніка і мультымедыйную візуалізацыю настаўнікі могуць выкарыстоўваць на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет”, у пазаўрочнай працы, пры правядзенні класных гадзін.

Камплект кніг “Скарбонка гістарычнай памяці” падабраны для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і бібліятэк. Выданні, якія ўвайшлі ў камплект, закліканы садзейнічаць развіццю ў падрастаючага пакалення патрыятычных якасцей, прывіццю любові да роднай зямлі, павагі да яе гістарычнай мінуўшчыны і культурнай спадчыны.

Па заказе і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” пачало выпуск запатрабаванай навукова-папулярнай серыі грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці “Я ганаруся!” / “Я горжусь!”, прызначанай для малодшых школьнікаў. Маляўніча аформленыя выданні серыі змяшчаюць яшчэ і QR-коды з аўдыяверсіямі тэкстаў: дзеці могуць адначасова «слухаць» і чытаць кнігу.

Завяршылася прэзентацыя працай дзвюх секцый, падчас якіх разглядаліся метадычныя аспекты выкарыстання ў адукацыйным працэсе дапаможніка “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку” і серыі кніг “Я ганаруся” (першая секцыя), а таксама навучальных выданняў “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і “Гордость за Беларусь” (другая секцыя). Педагогі-практыкі падзяліліся сваім вопытам і напрацоўкамі, на асабістым прыкладзе расказалі аб спецыфіцы выхаваўчай работы са школьнікамі на аснове гэтых выданняў.

Фота: Марыя Арэх

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь