Супрацоўнікі часопіса «Адукацыя і выхаванне» адзначаны ганаровымі граматамі

Калектыў навукова-метадычнага часопіса «Адукацыя і выхаванне» за значны ўклад у развіццё часопіса, шматгадовую добрасумленную і плённую працу і ў сувязі з 30-годдзем з дня выхаду першага нумара быў адзначаны ганаровымі граматамі.


За час свайго існавання часопіс «Адукацыя і выхаванне» стаў адным з самых запатрабаваных і грунтоўных выданняў для педагагічнай супольнасці нашай краіны. Матэрыялы часопіса адлюстроўваюць сучасны стан і тэндэнцыі развіцця педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі, асвятляюць перадавы айчынны і замежны вопыт.

Шырокі і разнастайны спектр тэм гэтага перыядычнага выдання. Сярод іх — дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі і навукі, навукова-тэарэтычныя, метадалагічныя і метадычныя асновы функцыянавання і развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, падрыхтоўка і атэстацыя навуковых і навукова-педагагічных работнікаў і педагагічных кадраў, дзейнасць і развіццё ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рэалізацыя бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь.

Часопіс «Адукацыя і выхаванне» ўваходзіць у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагогіцы, псіхалогіі і філасофіі адукацыі. Сваім каштоўным вопытам на яго старонках дзеляцца як вядомыя вучоныя ў сферы адукацыі, так і педагогі-практыкі.

Ганаровыя граматы атрымалі намеснік галоўнага рэдактара, доктар педагагічных навук, дацэнт, начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандра Пазняк, адказны сакратар Таццяна Ракіцкая і тэхнічны рэдактар Алена Шаціла.

Падчас цырымоніі ўручэння дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянцін Навагродскі падкрэсліў вядучую ролю часопіса для развіцця педагагічнай прасторы рэспублікі, адзначыў высокую кампетэнтнасць яго супрацоўнікаў і павіншаваў з 30-гадовым юбілеем.

 

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь