“Сонечны чараўнік” Вiткi нясе цяплыню дзецям

  • 16 июля 2016 18:18:56

У гонар 105-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Васіля Віткі 16 мая ў гарадской дзіцячай бібліятэцы № 6, якая носіць яго імя, адбылася прэзентацыя кнігі Васіля Віткі “Сонечны чараўнік” з папулярнай серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”. У гэтае ярка ілюстраванае выданне ўвайшлі лепшыя творы знакамітага класіка беларускай дзіцячай літаратуры.

   Адбылася прэзентацыя ў рамках Віткаўскіх чытанняў. Адкрываў іх вядомы беларускі пісьменнік, галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка” і “Буся” Уладзімір Ліпскі. У свой час ён фактычна пераняў дзіцячы часопіс “Вясёлка” з рук Васіля Віткі і многа год працаваў поруч з ім.

   Вучні-пачаткоўцы, якіх запрасілі ў бібліятэку з навакольных школ, з цікавасцю слухалі аповед Уладзіміра Ліпскага, задавалі пытанні. А загадчыца бібліятэкі Тамара Анатольеўна Патук зрабіла для дзяцей прэзентацыю, у якой паказала праз творы, прасякнутыя любоўю да дзяцей, пра станаўленне Васіля Віткі як дзіцячага аўтара.

   У прэзентацыі прынялі ўдзел i супрацоўнікі выдавецтва "Адукацыя і выхаванне".

   На працягу тыдня ў бібліятэцы будуць папулярызаваць творчасць Васіля Віткі, ладзіць чытанне яго твораў і дэманстраваць спектаклі. Таксама можна будзе бліжэй пазнаёміцца з кнігамі серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”.

Тэкст і фота Аляксея Жорава