Мы таксама будзем помнiць усё!


«Я помню ўсё ...» - новая кніга з серыі «Бібліятэка часопіса" Вясёлка "» (укладальнікі Уладзімір Ліпскі і Мікола Чарняўскі), прэзентацыя якой адбылася 10 лютага на ХХIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.
У кнізе сабраны балючыя ўспаміны вядомых беларускіх пісьменнікаў — «дзяцей вайны». І гэта не толькі цудоўная проза, але і высокі духоўна-маральны камертон.
Слухаючы гісторыі з кнігі, якія прыводзіў пісьменнік Уладзімір Ліпскі, дзеці заміралі і шырока раскрывалі вочы, а твары ў іх пры гэтым былі ўважлівымі і сур'ёзнымі.
Зацікавіць сучасных маленькіх чытачоў такой няпростай тэмай бывае складана, але Уладзімір Сцяпанавіч з гэтым упэўнена справіўся.
Вялікае ўражанне на слухачоў зрабіла юная мінская гімназістка Вераніка, якая прачытала верш Уладзіслава Нядзведскага з пранізлівым рэфрэнам «Праклён табе, праклён табе, вайна!..»
Дарэчы, пра тое, што кніга знойдзе шлях да душ і сэрцаў сваіх чытачоў, сведчыла і вялікая зацікаваўленасць з боку супрацоўнікаў нашага выдавецтва. Ужо на стадыі падрыхтоўкі кнігі многія захацелі набыць яе для сямейных бібліятэк. І сапраўды, дзяцей трэба выхоўваць менавіта на такіх выдатных творах! Мы павінны помнiць ўсё, каб вайна не паўтарылася больш ніколі!

Тэкст i фота: Аляксандр Каменчукоў

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь