Натхняцца «Родным словам»: галоўны рэдактар часопіса ўзяла ўдзел у круглым стале да Дня роднай мовы

  • 23 февраля 2022 13:37:10

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран узяла ўдзел у круглым стале, які адбыўся ў прэс-цэнтры БЕЛТА.


У сваім выступленні яна акрэсліла ролю навукова-метадычнага выдання ў папулярызацыі беларускай мовы. «Наш часопіс самім фактам свайго існавання прызначаны папулярызаваць беларускую мову, – адзначыла Наталля Шапран. – Кожная публікацыя, ілюстрацыя скіраваны на падтрымку і захаванне роднага слова».

«Мне здаецца, што ў папулярызацыі беларускай мовы важная роля належыць асобе выкладчыка. Калі малады чалавек бачыць, што выкладчык шчыра гарыць тым, аб чым гаворыць, робіць гэта цікава, калі ён бачыць усё тое каштоўнае, што было і ёсць у нашай айчыннай культуры, то яго стаўленне да беларускай мовы змяняецца», — падзялілася галоўны рэдактар часопіса.

Акрамя таго, Наталля Шапран адзначыла, што на выданне «Роднае слова» таксама ўскладзена грамадска-асветная дзейнасць. «Мы, як і многія ўстановы адукацыі, праводзім рэспубліканскія навуковыя конкурсы па даследчых і творчых работах. Тая колькасць удзельнікаў, якія бывае, паказвае, што ў моладзі ўключыўся інстынкт самазахавання. Яны адчуваюць, што веданне беларускай мовы важна для станаўлення іх асобы», — сказала яна на заканчэнне.



Пытанні развіцця і пашырэння беларускай мовы падчас сустрэчы абмяркоўвалі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка, загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ Віктар Іўчанкаў, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Зелянко, а таксама галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна.

 



Крыніца: БЕЛТА.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь