На ніве педагагічнай навукі і практыкі

    У студзені спаўняецца 30 гадоў навукова-метадычнаму часопісу «Адукацыя і выхаванне» – флагманскаму часопісу нашага выдавецтва, з якога бярэ пачатак унікальная серыя перыядычных выданняў для настаўнікаў, выкладчыкаў, кіраўнікоў сістэмы адукацыі краіны «У дапамогу педагогу». А таксама – гісторыя самога выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».
    Хутка ў свет выйдзе юбілейны нумар часопіса, а пакуль у СМІ публікуюцца матэрыялы, прысвечаныя гэтай урачыстай нагодзе. У гутарцы з журналістам «Настаўніцкай газеты» Аляксандр Іванавіч Жук, галоўны рэдактар часопіса «Адукацыя і выхаванне», доктар педагагічных навук, прафесар, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, акрэсліў ключавыя вехі гісторыі стварэння і станаўлення часопіса, яго значнасць у развіцці адукацыйнай прасторы нашай краіны.

— Аляксандр Іванавіч, за 30 гадоў існавання часопіса ён, безумоўна, мяняўся, але ўвесь гэты час з’яўляўся трыбунай для трансляцыі перадавога навукова-педагагічнага вопыту. Вызначце, калі ласка, нязменныя навукова-метадычныя складнікі вашага выдання.


— Сапраўды, у першыя гады існавання часопіса быў закладзены пэўны фундамент, на якім выбудоўваліся яго змест і тэматычныя напрамкі. Каб акрэсліць навукова-метадычныя складнікі выдання, актуальныя і ў той час, і сёння, лагічна звярнуцца да гісторыі яго стварэння.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, у сувязі з чым быў створаны шэраг новых нацыянальных органаў кіравання і ўстаноў. Так, з 1 жніўня 1990 года пачаў дзейнічаць Беларускі навукова-даследчы інстытут адукацыі (БелНДІ адукацыі). Перад ім стаяла задача распрацоўкі тэарэтыка-метадалагічных і навукова-метадычных асноў нацыянальнай сістэмы адукацыі. У той час дырэктар інстытута Уладзімір Паўлавіч Пархоменка прапанаваў вучонаму савету заснаваць новы часопіс. Прапанову падмацаваў аргументамі: у новым часопісе можна будзе публікаваць распрацоўкі навукоўцаў, якія вельмі чакаюць настаўнікі-практыкі; часопіс забяспечыць зваротную сувязь паміж педагогамі-практыкамі і распрацоўшчыкамі навукова-метадычнай прадукцыі.

У выніку ідэя заснавання навукова-тэарэтычнага і інфармацыйна-метадычнага выдання была падтрымана з вялікім энтузіязмам. Галоўны рэдактар тады адзначыў: “Новы часопіс — гэта надзейны канал сувязі педагагічнай навукі і практыкі. Толькі разам, пры цесным узаемадзеянні і аб’яднанні сваіх магчымасцей і намаганняў, навукоўцы, настаўнікі і выхавальнікі змогуць паспяхова вырашаць задачы, якія стаяць перад імі”. Прайшлі дзесяцігоддзі, а місія часопіса застаецца нязменнай — быць тэарэтычнай і метадычнай падтрымкай развіцця педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі.


— Ці можна гаварыць, што часопіс з’яўляецца своеасаблівым трамплінам для рэалізацыі навуковых амбіцый? Магчыма, ёсць статыстыка па колькасці педагогаў, для якіх часопіс стаў зыходным пунктам на шляху ў навуку?


— Зноў жа прапаную звярнуцца да гісторыі. Адкрыццё ў 1990-х гадах у беларускіх УВА і навуковых установах аспірантуры і дактарантуры, стварэнне саветаў па абароне дысертацый у галіне педагагічных і псіхалагічных навук для падрыхтоўкі навуковых кадраў для Беларусі патрабавалі адпаведнай інфармацыйнай падтрымкі, пляцоўкі для апрабацыі вынікаў дысертацыйных даследаванняў. Таму для педагогаў-даследчыкаў, аспірантаў, саіскальнікаў вучоных ступеней на старонках “АіВ” з’явілася новая рубрыка — “Педагагічная творчасць: думка і пошук”, матэрыялы дысертацый пачалі друкавацца ў прыярытэтным парадку. Зараз рубрыка для такіх артыкулаў носіць назву “Навуковыя публікацыі па выніках дысертацыйных даследаванняў”.

Наогул, “Адукацыя і выхаванне” шмат увагі ўдзяляе пытанням падрыхтоўкі і атэ­стацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, падтрымцы таленавітай мола­дзі ў іх навукова-даследчай дзейнасці. Ча­сопіс уключаны ў Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных і псіхалагічных навуках, а таксама па філасофіі адукацыі.

Шмат аўтараў “АіВ” сталі кандыдатамі і дактарамі педагагічных, псіхалагічных, філасофскіх, сацыялагічных і іншых навук, дзякуючы ў тым ліку таму, што навуковы стыль іх пісьма фарміраваўся падчас нялёгкай працы над аналізам і афармленнем уласных навуковых вынікаў. Як раней, так і цяпер, публікацыя ў часопісе “АіВ” для маладых вучоных, аспірантаў — гэта паказчык высокай якасці навуковага тэксту.


— Якія матэрыялы сёння з’яўляюцца самымі актуальнымі для часопіса?


— Часопіс няспынна развіваецца на працягу 30 гадоў. У адпаведнасці з запытамі часу ўводзяцца новыя рубрыкі, пашыраецца тэматыка артыкулаў.  Сёння рэдакцыя часопіса шмат увагі ўдзяляе асвятленню дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі.

Пытанні выхавання маладога пакалення — у ліку прыярытэтных у выданні. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць матэрыялаў у рубрыках “Выхаванне ў сям’і”, “Арганізацыя выхаваўчай работы ў школе”, “Станаўленне асобы”, “У дапамогу класнаму кіраўніку”, “Школа і сям’я” і інш. Перадавы педагагічны вопыт прадстаўлены ў рубрыках “Вопыт рэгіёнаў”, “Партрэт адукацыйнай установы”, “Педагагічная скарбонка”, у якіх выкладчыкі, настаўнікі, выхавальнікі дзеляцца з калегамі сваімі напрацоўкамі, эфектыўным вопытам арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. 

Вялікае значэнне ў “АіВ” надаецца пытанням бесперапыннай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, удасканалення педагагічнай адукацыі, таму рэгулярна папаўняюцца рубрыкі “Падрыхтоўка педагога”, “Адукацыя праз усё жыццё”, “Сучасны педагог”. Запатрабаванымі сёння з’яўляюцца рубрыкі “Адукацыя XXI стагоддзя”, “Адукацыя ў інфармацыйным грамадстве”, “На шляху да інклюзіі”, “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, што тлумачыцца патрабаваннямі часу: сучасны настаўнік павінен валодаць лічбавымі адукацыйнымі тэхналогіямі, гатоўнасцю да рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі, уменнем узаемадзейнічаць з бацькамі навучэнцаў.

На старонках “АіВ” расказваецца пра падзеі, што адбываюцца ў педагагічнай сферы нашай краіны: форумы, калегіі, конкурсы і інш. Пытанні падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, падтрымка таленавітай моладзі на шляху навукова-даследчай дзейнасці асвятляюцца ў рубрыках “Падрыхтоўка кадраў”, “Адораныя дзеці”, “Шлях у навуку”, “Навука: ідэі, прапановы”. На старонках выдання таксама друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя сацыяльна-эканамічным праблемам, сувязям сістэмы адукацыі з іншымі сферамі жыццядзейнасці грамадства: навукай, культурай, вытворчасцю. Актыўна публікуюцца матэрыялы ў рубрыцы “Актуальныя пытанні грамадскага жыцця”.

Значнае месца на старонках часопіса зай­мае асвятленне праблем грама­дзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і мола­дзі. Напрыклад, у 2020 годзе шмат артыкулаў былі надрукаваны ў рубрыцы “75-годдзе Вялікай Перамогі”. Акрамя таго, педагогі рэгулярна дзеляцца напрацоўкамі ў сферы ўзаемадзеяння школы і школьнага музея, якое таксама садзейнічае выхаванню патрыятызму ў падрастаючага пакалення.

Калектыў часопіса сваечасова рэагуе на запыты падпісчыкаў, перш за ўсё — кіраўнікоў і педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пры неабходнасці ўводзяцца новыя рубрыкі. Напрыклад, з 2022 года ў рубрыцы “Нарматыўнае прававое забеспячэнне адукацыйнага працэсу: каментарыі спецыялістаў” мяркуецца публікаваць каментарыі, тлумачэнні экспертаў змяненняў у нарматыўных прававых актах сістэмы адукацыі, адказы на пытанні педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. У рубрыцы “Перадавы педагагічны вопыт” настаўнікі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і катэгорыяй “настаўнік-метадыст” будуць дзяліцца сваімі распрацоўкамі.



Чытаць цалкам: Настаўніцкая газета

Фота Алега Ігнатовіча


 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь