Інавацыі ў кніжнай прасторы: дарога ў заўтра (інтэрв'ю з дырэктарам нашага выдавецтва)

Выдавецкі дом «Звязда», падмуркам якога з’яўляецца адзін з найстарэйшых беларускіх СМІ — газета «Звязда», шырока вядомы сваёй шчырай цікавасцю да кнігавыдаўцоў Беларусі і аналітычным падыходам да асвятлення літаратурных навінак выдавецтваў.


З гонарам паведамляем, што нашы навінкі не раз удастойваліся ўвагі выданняў гэтага выдавецкага дома. І глыбока сімвалічна, што сваё першае інтэрв’ю на новай пасадзе дырэктар нашага выдавецтва В. Я. Навагродскі даў менавіта «Звяздзе».

~~~~~
Інавацыі ў кніжнай прасторы: дарога ў заўтра

На пачатку восенi на пасаду дырэктара аднаго з найбольш буйных выдавецтваў краiны «Адукацыя i выхаванне» прыйшоў Валянцiн Янавiч Навагродскi. У інтэрв’ю газеце «Звязда» ён распавёў пра напрамкi работы выдавецтва, пра магчымасці, якія прыносiць выданне кніг з дапоўненай рэальнасцю для дзяцей і дарослых, падзяліўся планамi на найблiжэйшую будучыню.


— Валянцін Янавіч, раней вы ўзначальвалі вучэбна-выдавецкі цэнтр БДПУ. З улікам гэтага прафесійнага вопыту, якія задачы вы бачыце найперш як прыярытэтныя, распачынаючы працу ў «Адукацыі і выхаванні»?

— Асновай усіх калектываў у любой галіне з’яўляюцца людзі — каманда на першым месцы. Перш за ўсё, хочацца захаваць і прымножыць творчы патэнцыял супрацоўнікаў выдавецтва, нарасціць магутнасці і выйсці на якасна новы ўзровень работы, запусціць цікавыя праекты ў рэчышчы інавацыйных тэхналогій і падыходаў да выдання кніжнай прадукцыі. Галоўнае — дынаміка ў камандзе, ацэнка здольнасцей кожнага спецыяліста і перспектыўнасць праектаў. Мы накіраваныя на развіццё!

— На сайтах выдавецтва прадстаўленыя добра выдадзеныя кнігі розных жанраў: ад дзіцячых казак да гістарычных выданняў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры. Цi плануецца змяненне накірункаў? На чым збіраецеся будаваць акцэнты?

— Як вынікае з назвы выдавецтва, нашым прыярытэтам з’яўляюцца кнігі для дзяцей і моладзі, якія спрыяюць якаснай адукацыі і выхаванню, фарміраванню грамадзянскасцi, патарыятызму, любові да Радзімы і гонару за нашу багатую культурную спадчыну. Гэта і мастацкая, і навукова-папулярная літаратура, і, вядома, вучэбныя выданні. Азначаны вектар застанецца для нас ключавым. 

Яшчэ адзін важны элемент нашай дзейнасці — падтрымка творчых педагогаў. Менавіта ім адрасаваныя ўнікальная серыя навукова-метадычных часопісаў «У дапамогу педагогу» (яна пачыналася, як і ўсё выдавецтва, з часопіса «Адукацыя і выхаванне»), часопісы «Пралеска», «Пачатковая школа» і «Роднае слова», а таксама вучэбна-метадычная літаратура па розных прадметных галінах. Наша мэта — знайсці цікавыя ідэі, вызначыць канцэпцыю канчатковага прадукту і паспяхова ўвасобіць у жыццё.

— Якім крытэрыям павінна адпавядаць выдадзеная літаратура?

— Гэта павінны быць кнігі, напісаныя высокапрафесійнымі аўтарамі і, безумоўна, якасна выдадзеныя. Калі гаворка ідзе пра вучэбна-метадычную і вучэбную літаратуру, то самы важны крытэрый — запатрабаванасць гэтага прадукту. І вядома, адпаведнасць стандартам Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

— Што, на ваш погляд, дапаможа выдавецтву атрымаць дадатковыя канкурэнтныя перавагі на кніжным рынку? На што будзе рабiцца стаўка?

— Мы развіваем вельмі перспектыўны, папулярны і сучасны напрамак — уключэнне ў кнігі і некаторыя часопісы тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, што пры шырокай даступнасці Інтэрнэту і мабільных гаджэтаў прывабна і карысна для пакупнікоў, падпісчыкаў, калег. Скарыстацца ўсімі перавагамі iнавацыi дазваляе бясплатнае прыкладанне для мабільных прылад «AiV — ДОПОЛНЕННАЯ РЕАЛЬНОСТЬ». Пагадзіцеся, выдатна, калі юны чытач, адкрыўшы, напрыклад, падручнік па біялогіі або развіваючую кнігу пра старажытную гісторыю, пра этыкет, пра авіяцыю і паветраплаванне, можа адразу на старонках кнігі запусціць кароткі відэаролік з самалётамі або парадамі па падрыхтоўцы дзіцячага свята, агучаны ўнікальным голасам аўтара, або павялічыць і круціць 3D-макет жывёлы... Так пашыраюцца магчымасці друкаванага выдання, а зацікаўленасць чытача ўздымаецца на новы ўзровень.

У хуткім часе мы плануем запусціць новы праект i-AiV, але пра яго раскажам пазней. Пакуль яшчэ знаходзімся ў працэсе распрацоўкі.

— А як ажыццяўляецца сувязь са спажыўцамі прадукцыі выдавецтва? Ці ёсць магчымасці для зваротнай сувязі?

— Камунікацыя займае ключавую пазіцыю ў поспеху выдавецтва. Для сувязі са спажыўцамі ў нас ёсць шырокі дыяпазон інструментаў. Перш за ўсё, мы аператыўна інфармуем людзей пра навінкі і інавацыi на сайтах выдавецтва, у сацыяльных сетках (Instagram, Facebook, VK, «Одноклассники»), запрашаем на мерапрыемствы, адказваем на каментарыі і паведамленні ў сацсетках і на лісты, якія прыходзяць на пошту выдавецтва, робім масавыя рассылкі для ўстаноў адукацыі, паспяхова практыкуем выязныя прэзентацыйныя мерапрыемствы.

— Што можна зрабіць для прыцягнення таленавітых аўтараў?

— Мне падабаецца такі прынцып: «Верце ў людзей больш, чым яны самі вераць у сябе, і падахвочвайце іх тварыць!» Мы імкнёмся даць шанс як маладым і невядомым, так і дасведчаным знакамітым пісьменнікам. 

Распрацоўваем новую стратэгію заахвочвання, падтрымкi талентаў. І першым крокам стала ўрачыстае ўручэнне прэмій топ-10 самых папулярных нашых аўтараў у сегментах вучэбнай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры на цырымоніі адкрыцця кніжнага магазіна выдавецтва ў ГЦ «Сталіца» 29 верасня, напярэдадні Дня настаўніка. Да гэтага свята, якое сёлета адзначылі 3 кастрычніка, выдавецтва правяло акцыю: усе жадаючыя змаглі набыць кніжную прадукцыю з 20 %-най зніжкай па прамакодзе «310».

— Ці магчымае пашырэнне тэматычнага спектру лiтаратуры, якая выходзіць у выдавецтве?

— Да вялікай сям’і дзіцячых часопісаў «Адукацыi i выхавання» нядаўна дадаліся два беларускамоўныя — «Вясёлка» і «Буся». Гэта не толькі адкрывае нам новыя гарызонты, павялічвае чытацкую аўдыторыю выдавецтва, але і накладвае дадатковую адказнасць па выхаванні юных беларусаў дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

— Якіх новаўвядзенняў можна чакаць і якія сустрэчныя ініцыятывы вы б віталі?

— Для паспяховай працы выдавецтва ў нас ёсць шмат чаго. I перш за ўсё, гэта высакакласныя спецыялісты ў сферы кнігавыдання, аўтарытэтныя аўтары і сучасныя выдавецкія платформы. Актыўна працуюць нашы сайты, старонкі і групы ў сацыяльных сетках. Мы ў пастаянным пошуку новых праектаў і прымаем да разгляду ўсе ініцыятывы і прапановы. Вядома, мы вітаем з’яўленне новых імёнаў, але трэба разумець, што аўтару варта азнаёмiцца з кніжным асартыментам выдавецтва, перад тым як звярнуцца да нас. У прыярытэце — творчыя педагогі ўсіх ступеней адукацыі.

— Як, на ваш погляд, можна ўзмацніць патэнцыял навукова-метадычных часопісаў, якія выходзяць у выдавецтве «Адукацыя і выхаванне»? Што плануеце распачаць для павелічэння ахопу чытацкай аўдыторыі?

— Інфармацыйная прастора сёння насычаная і нават перанасычаная. Але часцей за ўсё ў педагога за штодзённай руцінай банальна не хапае часу для якаснага самаразвіцця, што можа адбіцца на прафесійным росце. 

Мы імкнёмся дапамагчы вырашыць гэтыя праблемы шматвектарна. Працэс уключае працу з галоўнымі рэдактарамі выданняў, павелічэнне шчыльнасці і тэмпу падачы матэрыялу з улікам эфекту «кліпавага мыслення», што асабліва важна для маладых спецыялістаў. Як паказвае практыка, высокая шчыльнасць і сцісласць тэксту папулярныя і сярод школьнікаў. Таму так запатрабаваныя нашы кнігі серый «Жывая гісторыя», «Гісторыя ў асобах», «99 захапляльных фактаў» і іншыя.

— Вы атрымалі вышэйшую адукацыю на гістфаку БДПУ. Гэта паўплывала на вашы кніжныя перавагі? Якія кнігі вы чыталі ў дзяцінстве і юнацтве, якія жанры цікавыя вам цяпер? Кнігі якіх аўтараў вы ахвотна ўнеслі б у лінейку прадукцыі выдавецтва?

— Як і многія мае сябры, я з вялікім захапленнем чытаў гістарычныя творы «Хрыстос прызямлiўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Дзiкае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, а яшчэ — «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні» Кузьмы Чорнага, «Граф Монтэ-Крыста», «Чорны цюльпан», «Тры мушкецёры» Аляксандра Дзюма. Вельмі цікавіўся мастацкай літаратурай па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая тэма блізкая мне і сёння.

І я з гонарам хачу паведаміць, што сумесна з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мы рыхтуем да выдання значны праект — «Памятныя мясціны Беларусі». Супрацоўнікі музея разам з аўтарамі і супрацоўнікамі выдавецтва стварылі ўнікальную кнігу, на старонках якой адлюстравана трагедыя беларускага народа ў ваеннае ліхалецце.

— Дзе сёння можна знайсці прадукцыю выдавецтва?

У нашых інтэрнэт-крамах, у кіёсках выдавецтва, амаль у кожнай кнігарні краіны. Найперш — у сетцы кнігарняў «Белкнігі», таксама — у «Акадэмкнізе» у Мінску. Актыўна працуем з прыватнымі кнігагандлярамі. Вельмі шмат намаганняў прыкладаем для рэкламы кнігі, да інфармавання пра нашы навінкі ў сацыяльных сетках, у электронных медыя. Сачыце за інфармацыяй, набывайце нашы кнігі, выказвайце свае меркаванні пра іх. Будзем толькі ўдзячны! 

Гутарыў Ігнат МАКСІМАЎ

https://zviazda.by/be/news/20211006/1633506491-inavacyi-u-knizhnay-prastory-daroga-u-zautra


 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь