Дзень народзінаў дзіцячага садка «Ліхтарык» разам з часопісамі «Вясёлка» і «Буся»

7 кастрычніка сталічны дзіцячы садок № 565 «Ліхтарык» адсвяткаваў свой дзень народзінаў у выдатнай кампаніі дзіцячых часопісаў «Вясёлка» і «Буся». Гэтай установе дашкольнай адукацыі споўнілася 29 гадоў, і павіншаваць яе прыйшлі галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Анастасія Радзікевіч і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ганаровы старшыня рэдкалегіі пісьменнік Уладзімір Ліпскі.

Дзіцячы садок «Ліхтарык» — актыўны ўдзельнік разнастайных гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў. Сёлета творчыя педагогі садка ўзялі ўдзел у Міжнародным інтэрнэт-праекце «Зямля бацькоў — мая зямля», Міжнароднай практычнай канферэнцыі «Экалагічная адукацыя і ўстойлівае развіццё», гарадскім завочным конкурсе праектаў «Старонкі летапісу ўстановы адукацыі», Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Навуковая думка». Вопыт сваёй працы яны прадстаўлялі на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання па тэме «Далучэнне дзяцей да вытокаў беларускай духоўнай культуры праз знаёмства з беларускай народнай казкай».

Выхаванцы «Ліхтарыка» прадэманстравалі свае таленты ў час святочнага канцэрта: яны чыталі ўласныя вершы, спявалі і танцавалі. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства зрабілі памятнае фота з любімымі часопісамі.

Усмешкі і пазітыўныя эмоцыі прынеслі таксама дзецям гутаркі з пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім у групах, дзе ён распавёў пра гісторыю часопісаў «Вясёлка» і «Буся», іх забаўных персанажаў Васю Вясёлкіна і бусліка Бусю, а таксама раскрыў па вялікім сакрэце, як пішуцца творы і адкуль бярэцца натхненне.

Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем дзіцячаму садку «Ліхтарык» і далей развівацца і расці разам з выхаванцамі! Няхай гэты светлы і яркі ліхтарык асвячае дзеткам сцяжынку яшчэ шмат гадоў!

 
Метки: Буся, Вясёлка
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь