Дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні рукапісу вучэбнага выдання па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» прайшла ў Гродне

Чарговае абмеркаванне рукапісу вучэбнага выдання па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» адбылося 26 красавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Мерапрыемства прайшло з удзелам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца, а таксама кіраўніка аўтарскага калектыву выдання Ігара Марзалюка.

 

Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» прадстаўлялі дырэктар Валянцін Навагродскі, намеснік дырэктара па маркетынгу і продажах Анастасія Радзікевіч, а таксама галоўны рэдактар часопіса «Здоровый образ жизни» Ларыса Кучарава.

У дыялогу прынялі ўдзел рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Юрый Бондар, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык, а таксама прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. На сустрэчы прысутнічалі і студэнты ГрДУ

Падчас адкрыцця дыялогавай пляцоўкі Міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў:

– Сёння мы праводзім чарговую, ужо шостую па ліку дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні рукапісу падручніка па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Гэты вучэбны дапаможнік будзе настольнай кнігай па станаўленні гісторыі беларускай дзяржаўнасці для студэнтаў усіх спецыяльнасцей

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, член Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, які ўзначальвае аўтарскі калектыў выдання, падрабязна пазнаёміў прысутных са зместам дапаможніка. Ён носіць міждысцыплінарны характар і складаецца з трох раздзелаў: «Асноўныя этапы развіцця беларускай дзяржаўнасці», «Асновы дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь» і «Беларусь на мяжы культур і цывілізацый». 

Вучэбны дапаможнік будзе дапоўнены QR-кодамі, якія дазволяць выйсці за межы асноўнага тэксту. У ім прадугледжваецца спіс літаратуры, храналогія беларускай дзяржаўнасці і метадычны апарат. Плануецца падрыхтоўка хрэстаматыі і атласа па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Да 1 верасня падручнікі будуць ва ўсіх універсітэтах Беларусі, вучыцца па іх будуць студэнты 1-х курсаў усіх спецыяльнасцей.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі выказалі пажаданні і заўвагі па змесце дапаможніка, што дазволіць адаптаваць тэкст выдання для ўспрымання студэнцкай моладдзю.

Акрамя таго, у рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя камплекта кніг да Года гістарычнай памяці «Гістарычная памяць», якія выйшлі ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне». 

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь