Часопісу «Пачатковае навучанне: дзіцячы сад, сям’я, школа» — 25 гадоў!

Гэты год багаты на юбілейныя даты для часопісаў выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». У сувязі з 25-годдзем з дня выхаду першага нумара калектыў навукова-метадычнага часопіса «Пачатковае навучанне: дзіцячы сад, сям’я, школа» быў адзначаны ганаровымі граматамі за значны ўклад у развіццё выдання, шматгадовую добрасумленную і плённую працу.

 

За час існавання часопіс атрымаў заслужаны аўтарытэт у педагагічнай супольнасці: настаўнікаў-практыкаў і вучоных, якія даследуюць сферу пачатковай адукацыі, метадыстаў і завучаў. З яго дапамогай педагогі атрымліваюць актуальную інфармацыю аб новых навучальных дапаможніках, маюць магчымасць папоўніць скарбонку наглядных і дыдактычных матэрыялаў, абмеркаваць напрамкі метадычнай работы. Ні адна значная падзея ў жыцці пачатковай школы нашай краіны не застаецца без увагі.

З 2009 года часопіс выходзіць з электронным дадаткам, у якім публікуюцца распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў з мультымедыйнымі прэзентацыямі, наглядны дэманстрацыйны матэрыял, музычныя творы і анімацыйныя фільмы. На каляровых уклейках размяшчаецца наглядны дэманстрацыйны матэрыял, які можа быць выкарыстаны педагогамі ў адукацыйным працэсе.

У кожным нумары публікуецца ўкладыш «Універсітэт педагагічнай самаадукацыі». Штоквартальна чытачы атрымліваюць дадатак «Школа педагагічнага майстэрства» ў выглядзе асобнай брашуры (практычныя матэрыялы, якія раскрываюць сакрэты перадавога педагагічнага вопыту).

Часопіс уключаны ў пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання дысертацыйных даследаванняў.

Ганаровыя граматы атрымалі галоўны рэдактар, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Цірынава, намеснік галоўнага рэдактара, начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення Нацыянальнага інстытута адукацыі Лілія Кузняцова, адказны сакратар Наталля Сячко, старшы карэктар Галіна Казловіч і мастак Кацярына Максімава. Таксама была адзначана работа рэдактараў Наталлі Бабко, Лізаветы Мясніковіч і тэхнічнага рэдактара Алены Шаціла.

Першы намеснік дырэктара Міраслава Шавыркіна і галоўны рэдактар выдавецтва Вольга Ваніна павіншавалі калектыў часопіса «Пачатковае навучанне: дзіцячы сад, сям’я, школа» з юбілеем, падкрэсліўшы важную ролю выдання ў асвятленні актуальных праблем тэорыі і практыкі пачатковага навучання і папулярызацыі перадавога педагагічнага вопыту.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь