Часопіс “Роднае слова” і філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта абвяшчаюць конкурс

Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” і філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта абвяшчаюць конкурс эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства”, прысвечаны Году гістарычнай памяці. Конкурс скіраваны на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, прафесійнае самавызначэнне і развіццё творчых здольнасцей школьнікаў. Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы Х–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Конкурс пройдзе з 1 лютага да 8 красавіка 2022 г. у завочна-вочным фармаце.

Тэрмін прыёму эсэ: з 1 лютага да 31 сакавіка 2022 г.

Падвядзенне вынікаў: 8 красавіка 2022 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (г. Мінск, вул. К. Маркса, 31). Канкурсанты змогуць паўдзельнічаць у вочным трэнінгу па беларускай мове і літаратуры, віктарыне “Філалогія і Я” і атрымаюць серты­фікаты.

Аўтары найлепшых прац і пераможцы віктарыны “Філалогія і Я” будуць адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі арганізатараў.


На конкурс прымаюцца аповеды:

  • пра знакавыя помнікі старажытнага беларускага пісьменства;
  • пра ўражанні ад знаёмства з жыццём і дзейнасцю беларускіх першадрукароў і асветнікаў, аўтараў першых выданняў паэзіі і прозы ХІХ – пачатку ХХ ст.;
  • пра сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі;
  • пра наведванне выстаў і кніжных экспазіцый і інш.


Заяўкі на ўдзел у конкурсе і эсэ дасылаюцца на электронны адрас: konkurs@rod-slova.by.

Больш падрабязна пра ўмовы правядзення конкурсу чытайце ў палажэнні на сайце часопіса


Запрашаем юных знаўцаў беларускага слова да ўдзелу!

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь