Адбылася прэзентацыя “Беларускага гістарычнага часопіса” ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа

25 студзеня 2023 г. адбылася прэзентацыя “Беларускага гістарычнага часопіса” ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. У мерапрыемстве, прысвечаным 30-годдзю часопіса, прынялі ўдзел супрацоўнікі музеяў і бібліятэк г. Мінска, студэнты гістарычнага факультэта БДПУ, вучні сярэдняй школы № 223 г. Мінска.


 Галоўны рэдактар часопіса кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр Корзюк прадставіў ролю выдання па гістарычных, юрыдычных навуках, мастацтвазнаўстве і культуралогіі ў развіцці айчыннай гістарычнай навукі і сістэмы адукацыі.


Накірункі супрацоўніцтва часопіса з музейнымі ўстановамі і іх паспяховыя прыклады былі раскрыты ў выступленні намесніка галоўнага рэдактара Наталлі Матусевіч. Экскурсійна-краязнаўчая дзейнасць “Беларускага гістарычнага часопіса” з вучнёўскай і студэнцкай моладдзю стала прадметам выступлення рэдактара аддзела-члена рэдкалегіі Іллі Касько. Прысутныя пазнаёміліся з квэстамі і экскурсійнымі маршрутамі, распрацаванымі па матэрыялах часопіса, надрукаванымі на яго старонках.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс адзначыла важнасць супрацоўніцтва музеяў з “БГЧ”, патэнцыял для прэзентацыі аўдыторыі музейных скарбаў, выразіла гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва.     


На сустрэчы абмеркавалі супрацоўніцтва  часопіса з музеямі г. Мінска ў мэтах папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, музейных калекцый, экспазіцыйна-выставачнай і культурна-асветніцкай дзейнасці на старонках часопіса.  

Вопытам супрацоўніцтва з “БГЧ” падзяліліся намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, кандыдат гістарычных навук Яўген Мікула і вядучы навуковы супрацоўнік музея “Лошыцкая сядзіба” Васіль Сідаровіч. 


Упрыгожаннем мерапрыемства сталі музычныя нумары вучаніцы 9 класа сярэдняй школы № 54 г. Мінска  Любові Матусевіч, студэнтак 4 курса факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Наталіі Казловай і Вольгі Шымук, літаратурна-музычная кампазіцыя вядучага літаратурнага рэдактара часопіса Людмілы Шчэрба і Ціхана Мядзведзева.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь