Часопіс «Вясёлка» адзначыў 65-годдзе

Ва ўрачыстай і цёплай атмасферы часопіс «Вясёлка» адзначыў ганаровы юбілей — 65-годдзе. З гэтай нагоды ў прэс-цэнтры выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» сабралася шмат гасцей і сяброў адзінага дзіцячага перыядычнага выдання на роднай мове.

 

Дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянцін Навагродскі зачытаў віншаванне ад Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца і ўручыў маладому і творчаму калектыву часопіса «Вясёлка» — намесніку галоўнага рэдактара Эліне Сапожнікавай, спецыялісту па сувязях з грамадскасцю Ірыне Ходзінай і мастаку Паўлу Гарадцову — падзякі з нагоды 65-годдзя, Уладзімір Ліпскі, ганаровы старшыня рэдкалегіі, атрымаў Ганаровую грамату выдавецтва.

Мноства прыемных слоў прагучала на адрас юбіляра ад вядомых аўтараў і мастакоў, якія доўгія гады супрацоўнічаюць з часопісам: Раісы Баравіковай, Аксаны Аракчэевай, Леаніда Улашчанкі, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Ірыны Буторынай, Уладзіміра Мазго, Тамары Бунты.

Загадчык секцыі дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Мазго перадаў відэавіншаванне ад старшыні пісьменніцкага саюза Алеся Карлюкевіча, які падкрэсліў што «Вясёлка» — гэта «хрэстаматыйнае выданне на ўсёй постсавецкай прасторы».

Ірына Буторына, пісьменніца, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, была ўзнагароджана ад імя часопіса «Вясёлка» медалём Васіля Віткі за значны ўклад у развіццё выдання.

Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адзначыла, што ставіцца да часопіса з вялікай цеплынёй, бо шчырым родным словам «Вясёлка» дапамагае выхоўваць самыя найлепшыя якасці ў маленькіх беларусаў.

Свае пажаданні плённага развіцця часопісу выказалі Галіна Гапанькова, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама, а таксама прадстаўнікі Беларускага дзіцячага фонду.

Пісьменнік Уладзімір Ліпскі, які быў галоўным рэдактарам «Вясёлкі» на працягу амаль 40 гадоў, распавёў пра цікавы і поўны на незабыўныя падзеі шлях выдання, а таксама падзякаваў усім, хто прыйшоў на святкаванне юбілею.

Сапраўднае танцавальнае прадстаўленне зладзілі выхаванцы дзіцячага садка № 565 «Ліхтарык» пад кіраўніцтвам загадчыцы ўстановы дашкольнай адукацыі Людмілы Клімовіч.

У сваю чаргу, супрацоўнікі часопіса падзякавалі за дапамогу і ўдзел у рабоце рэдакцыі Анастасіі Радзікевіч, намесніку дырэктара выдавецтва па маркетынгу і продажах, якая шмат гадоў была намеснікам галоўнага рэдактара «Вясёлкі» і сёння не губляе сувязі з любімым выданнем.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь