Цёплые сустрэчы ў Нясвіжы

Цёплые сустрэчы супрацоўнікаў i аўтараў выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» з чытачамі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўла Пранузы адбылiся 27 красавіка.

Пра важныя правілы этыкету, вядомыя яшчэ са сярэднявечных часоў і актуальныя дагэтуль, нагадала наведвальнікам бібліятэкі Анастасія Радзікевіч, намеснік дырэктара выдавецтва па маркетынгу, падчас прэзентацыі пазнавальнай кнігі для дзяцей са стыльнымі фотаздымкамі і «Скарбы Нясвіжскага замка», аўтарам якой яна з’яўляецца.

Юныя лэдзі і джэнтльмены даведаліся пра тонкасці культурных паводзін, а таксама пазнаёміліся з выданнем, прысвечаным галоўнай знакамітай мясціне іх роднага горада.

Можна з упэўненасцю сказаць, што некаторыя культурныя скарбы юныя ўдзельнікі здабылі ўжо ў працэсе зносін з пісьменніцай.

Як заўсёды займальна і весела, у гульнявой форме прайшла прэзентацыя кніг «Замки и дворцы: Всемирное наследие ЮНЕСКО» і «99 знаменитых мест Беларуси» Зміцера Кашавара, начальніка аддзела маркетынгу выдавецтва.

Аўтар бестселераў расказаў наведвальнікам бібліятэкі і пра тое, як карыстацца дапоўненай рэальнасцю і якія неверагодныя магчымасці яна адкрывае перад чытачамі.

Цікава, што абсалютной пераможцай адразу двух займальных віктарын па прадстаўленых кнігах стаў вельмі начытаны юны знаўца. Ён і атрымаў
нашы інавацыйныя выданнi з дапоўненай рэальнасцю ў якасці сумленна заробленай сваімі ведамі ўзнагароды.

У межах V фестывалю паэзіі імя Паўлюка Пранузы «Голасам свайго пакалення» адбылася творчая сустрэча нясвіжскіх школьнікаў з вядомым пісьменнікам і грамадскім дзеячам, галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка» Уладзімірам Ліпскім.
Ён распавёў пра некаторыя малавядомыя факты з жыцця Паўла Пранузы, з якім доўгі час сябраваў.

Акрамя таго, Уладзімір Сцяпанавіч прадставіў свае займальныя кнігі для дзетак «Я тут жыву» і «Мая Беларусь», якія пабачылi свет ў нашым выдавецтве.

Пісьменнік падкрэсліў, што неабходна падтрымліваць сувязь пакаленняў, і даў дзецям «хатняе заданне» — саставіць генеалагічнае дрэва.

Сустрэча завяршылася аўтограф-сэсіяй пісьменніка з юнымі чытачамі.

У межах фестывалю прайшоў таксама традыцыйны конкурс юных чытальнікаў «Чытаем Паўлюка Пранузу».
Конкурс праходзіў па трох узроставых катэгорыях, у якіх удзельнічалі школьнікі ад 7 да 15 гадоў школ горада і раёна, якія дэкламавалі на памяць любімы вершаваны твор паэта на беларускай мове.

Аўтарытэтнае журы, якое ўзначаліў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, беларускі пісьменнік, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, грамадскі дзеяч, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», ацэньвало выбар твора выступаючымі, глыбіню іх пранікнення ў вобраз і сэнс, а таксама артыстызм выканання.

Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі, памятнымі падарункамі, а таксама кнігамі А. В. Радзiкевiч i У. С. Ліпскага з аўтографам і асабістымі пажаданнямі кожнаму пераможцу.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь