105-гадовы юбілей адзначыла газета «Звязда»

105 гадоў таму свет убачыў першы нумар газеты «Звязда». Да віншаванняў, якія гучаць у гэтыя дні на адрас перыядычнага выдання, далучылася і выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Ад імя калектыву рэдакцыю павіншаваў дырэктар Валянцін Навагродскі.


Шчыра віншую вас са 105-годдзем з выхаду першага нумара газеты «Звязда» — галоўнага беларускамоўнага перыядычнага выдання ў нашай краіне!

Газета была заснавана ў жніўні 1917-га — пераломны гістарычны момант, час узрушэнняў і значных перамен у жыцці грамадства. І ў гады Вялікай Айчыннай вайны выданне працягвала несці адказную місію — словам абуджаць і падтрымліваць народ у кровапралітнай віхуры ліхалецця.

Вы развіваліся і мяняліся разам з краінай. Сёння «Звязда» вырасла ў буйны медыяхолдынг. І хаця стваралася газета як афіцыйная інфармацыйная крыніца, вельмі хутка яна здолела заваяваць любоў і павагу самых шырокіх чытацкіх колаў. Стала для многіх пакаленняў спагадлівым суразмоўцам і надзейным сябрам. Таму што быў абраны правільны шлях — не проста інфармаваць, а расказваць, раіць, тлумачыць, палемізаваць. У вашых матэрыялах — рэальнае жыццё, пытанні і праблемы кожнага беларуса.

Нязменны поспех выдання — гэта заслуга высокапрафесійнай каманды. Людзей яркіх і таленавітых, якія штодзень робяць усё, каб чытачы атрымлівалі аб’ектыўную і актуальную інфармацыю, своечасова даведваліся аб тым, чым жыве краіна.

Жадаю вам новых поспехаў і дасягненняў, цікавых праектаў! Здароўя і дабрабыту вам і вашым блізкім! З юбілеем! 

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь