«Кніжны клуб пісьменнікаў» — пляцоўка творчасці і натхнення

Знамянальная падзея адбылася ўчора ў сталіцы: свае дзверы для наведвальнікаў адчыніла кнігарня, створаная па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі. Невялікая, але разам з тым прасторная і ўтульная кнігарня пад сімвалічнай назвай «Кніжны клуб пісьменнікаў» разлічана як на продаж выданняў, так і на прэзентацыі, аўтограф-сесіі з удзелам аўтараў, творчыя сустрэчы. 


У дзень адкрыцця ў «Кніжным клубе пісьменнікаў» сабраліся вядомыя ў краіне асобы, літаратары — ганаровы старшыя Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах, палітолаг Сяргей Мусіенка, дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянцін Навагродскі, намеснік дырэктара выдавецтва па маркетынгу і продажах, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Анастасія Радзікевіч, старшыня Цэнтра папулярызацыі літаратуры пры СПБ празаік Анатоль Матвіенка, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ паэт Міхась Пазнякоў, паэт і радыёжурналіст Навум Гальпяровіч, празаік Вячаслаў Бандарэнка, тэлежурналісты Аляксандр Мацяс, Яўген Пуставы, арганізатар бібліятэчнай справы Таццяна Швед і іншыя.

Госці — першыя наведвальнікі «Кніжнага клуба пісьменнікаў» — адзначылі творчую атмасферу, якая пануе ў кнігарні. Як падкрэсліў намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснік дырэктара выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота, «клуб стане выдатнай пляцоўкай для папулярызацыі беларускай кнігі. Асабіста буду раіць усім калегам прыходзіць сюды на сустрэчы, шукаць новых чытачоў у гэтым утульным месцы. Было б выдатна, каб і моладзь праводзіла тут паэтычныя вечарыны, ладзіла творчыя дыялогі. Можа быць, у клубе сустрэнуцца і прадстаўнікі розных творчых прафесій — пісьменнікі, мастакі, музыканты, акцёры... ».

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь