«Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць»: прэзентацыя нумара-альманаха часопіса «Роднае слова» да 140-годдзя Янкі Купалы
- 09 октября 2022 15:29:23
Прэзентацыя
тэматычнага ліпеньскага нумара-альманаха часопіса «Роднае слова», прысвечанага
140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, адбылася 5 кастрычніка 2022 года ў
Дзяржаўным літаратурным музеі імя народнага паэта Беларусі.
Негледзячы на
тое што Купалава творчасць — адна з самых даследаваных у беларускім
літаратуразнаўстве, яна не перастае здзіўляць і навукоўцаў, і чытачоў
нязведанымі гранямі, а біяграфічныя старонкі дзякуючы руплівай працы
купалазнаўцаў пастаянна папаўняюцца новымі штрыхамі і дэталямі.
Мерапрыемства
праходзіла ў зале, дзе экспануецца выстава, прысвечаная 100-годдзю чацвёртага
паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Спадчына», першай кнігі песняра, якая выйшла ў
Беларусі.
Вядучай прэзентацыі
стала Наталля Шапран, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова». Яна адзначыла,
што «такі фармат дае магчымасць рэдакцыі падаць сваю версію сучаснага
купалазнаўства. Той, хто лістаў старонкі нашага ліпеньскага нумара, мог
упэўніцца, што гэта не проста зборнік навуковых даследванняў. Мы падбіралі
самае актуальнае і цікавае, што ёсць у сучаснай гуманітарыстыцы». Дырэктар
Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская выказала
падзяку часопісу за ўдзел у партнёрскіх праектах і падкрэліла, што «шэраг
публікацый, ажыццёўленых і запланаваных на працягу ўсяго юбілейнага года,
з’яўляецца значным унёскам у скарбніцу даследванняў, папулярызацыі асобы і
творчасці Янкі Купалы, а таксама інфармацыйнай падтрымкай асветніцкіх праектаў
музея».
Цудоўнае аздабленне імпрэзы — музычныя нумары ў выкананні народнага ансамбля цымбалістаў «Вярба», а «голасам» Купалы стаў акцёр Ігар Пятроў, які прачытаў некалькі вершаў.
Перад гасцямі
прэзентацыі выступілі таксама і аўтары, чые даследчыя працы склалі ліпеньскі
нумар-альманах. Кожны з іх пакінуў памятны
аўтограф на старонцы часопіса.
Пожалуйста зарегистрируйтесь