«Беларускі гістарычны часопіс» у Гродне

21—22 красавіка супрацоўнікі рэдакцыі «Беларускага гістарычнага часопіса» з рабочай паездкай наведалі г. Гродна. На базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбыўся круглы стол «Год гістарычнай памяці: перспектывы развіцця і супрацоўніцтва» з удзелам прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнцкага актыву факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.


Галоўны рэдактар часопіса Аляксандр Корзюк і намеснік галоўнага рэдактара Наталля Матусевіч прадставілі асноўныя напрамкі і планы развіцця адзінага ў Беларусі навукова-тэарэтычнага і навукова-метадычнага выдання па гістарычных і юрыдычных навуках, культуралогіі, мастацтвазнаўстве, методыцы выкладання гісторыі.

Дэкан факультэта Віктар Белазаровіч, загадчыкі кафедраў факультэта Сяргей Піваварчык, Аляксандр Нечухрын, дацэнт Аляксандр Горны вызначылі навуковы патэнцыял вучоных-гісторыкаў факультэта, акрэслілі перспектывы супрацоўніцтва з часопісам.

У рамках круглага стала А. Корзюк прадставіў камплект кніг «Скарбонка гістарычнай памяці», падрыхтаваную выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне». Ён складаецца з выданняў «Памятные места Беларуси» (уклад. В. М. Надтачаеў, Д. В. Кашавар); «99 знакамітых мясцін Беларусі» / «99 знаменитых мест Беларуси» (уклад. Д. В. Кашавар, К. К. Шастоўскі); «Я помню ўсё...» (уклад. М. Чарняўскі, У. Ліпскі); «Живая боль войны» (аўтар — Л. А. Кучарава); «Сакральный мир традиций. 99 уроков народной культуры» і «Золотые правила народной культуры» (аўтары — Я. Крук, А. Катовіч).

Рэдактар аддзела, член рэдкалегіі часопіса, вядомы беларускі пісьменнік Вітаўт Чаропка зрабіў прэзентацыю сваіх кніг па гісторыі Беларусі, у прыватнасці серыі «Вялікія князі літоўскія», расказаў пра свае апошнія творы, адказаў на шматлікія пытанні студэнтаў і правёў аўтограф-сесію.

На сустрэчы з настаўнікамі гісторыі Гродзенскай вобласці ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, акрамя прэзентацыі «Беларускага гістарычнага часопіса» і камплекта «Скарбонка гістарычнай памяці» былі праведзены майстар-класы «Фарміраванне функцыянальнай пісьменнасці — вядучая стратэгія навучання гісторыі ў ХХІ ст.» (А. Корзюк) і «Тэхналогія абагульнення і прадстаўлення педагагічнага вопыту на старонках часопіса “Беларускі гістарычны часопіс”» (Н. Матусевіч). У ходзе сустрэчы прайшло анкетаванне настаўнікаў з мэтай выяўлення патэнцыйных аўтараў і вывучэння чытацкіх запытаў, адбылася дыскусія па праблемах развіцця гістарычнай адукацыі.

Вынікам рабочай паездкі стане выпуск тэматычных нумароў «Беларускага гістарычнага часопіса», падрыхтаваных з удзелам выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і найлепшых педагогаў-практыкаў.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь