«Беларускі гістарычны часопіс» далучыўся да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў»
- 29 мая 2022 21:29:28
24 мая 2022 г. рэдакцыя «Беларускага гістарычнага часопіса» ўпершыню далучылася да сусветнай акцыі «Ноч музеяў», якая ладзіцца з 1997 года. Мерапрыемства адбылося па ініцыятыве галоўнага рэдактара часопіса Аляксандра Корзюка.
«Ноч музеяў» — гэта штогадовая
акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая. Сёлета
яе тэмай стала «Сіла музеяў». Музеі здольныя змяніць свет вакол нас. З’яўляючыся
ўнікальнымі месцамі адкрыццяў, яны распавядаюць нам аб мінулым і натхняюць на
новыя ідэі. Міжнародны дзень музеяў — 2022 прысвечаны вывучэнню патэнцыялу
музеяў. Таму ў якасці слогана акцыі рэдакцыя часопіса абрала заклік «Пакажы
сваю сілу!».
У госці да рэдакцыі завіталі
маладыя гісторыкі, студэнты 1—4-х курсаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага
ўніверсітэта імя Максіма Танка. На пачатку мерапрыемства галоўны рэдактар часопіса
Аляксандр Корзюк і намеснік галоўнага рэдактара Наталля Матусевіч пазнаёмілі
ўдзельнікаў з «Беларускім гістарычным часопісам» і яго дзейнасцю.
На імправізаванай пляцоўцы
студэнты — удзельнікі навукова-даследчай лабараторыі «Кліа» прадставілі вынікі навуковых
даследаванняў і праектнай дзейнасці: «Слуцк — горад двух магнацкіх родаў», «Віцебск
унікальны», «Фатаграфія ў маім жыцці», «Мінск у вайне 1812 г.», «Ноч музеяў у
Кітаі».
Пасля віртуальнага падарожжа па гарадах і
музеях Беларусі і краін свету ўдзельнікі «Ночы музеяў» здзейснілі экскурсію па
карціннай галерэі, якая знаходзіцца ў рэдакцыі. Яе правёў аўтар — член
рэдкалегіі, рэдактар аддзела часопіса Вітаўт Чаропка. Акрамя шматлікіх
мастацкіх твораў, ён з’яўляецца аўтарам 34 апублікаваных кніг па беларускай
гісторыі, у тым ліку серый «Великие князья литовские» і «100 выдатных дзеячоў
Беларусі». Раман «Храм без бога» пра падзеі XVI ст. у Беларусі ўвайшоў у спіс «Сто
беларускіх кніг ХХ стагоддзя». У ходзе інтэрактыўнай віктарыны прысутныя
ўзгадалі знакамітых дзеячаў гісторыі ВКЛ, а таксама змаглі задаць пытанні аўтару.
Рэдакцыя «Беларускага гістарычнага часопіса» і
студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «Кліа» дзякуюць усім, хто прымаў
удзел у «Ночы музеяў — 2022» і чакаюць новых сустрэч!
Пожалуйста зарегистрируйтесь