«Адукоўваць і выхоўваць»: дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянцін Навагродскі даў інтэрв’ю «Настаўніцкай газеце»

Напярэдадні Свята беларускага пісьменства журналіст «Настаўніцкай газеты» пагутарыла з дырэктарам выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянцінам Навагродскім. У інтэрв’ю ён распавёў пра прэзентацыю новай серыі для малодшых школьнікаў «Я ганаруся!» (на беларускай і рускай мовах) у рамках свята ў Добрушы. Гэтая серыя створана па заказе і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Падрыхтавана 14 кніжачак невялікага фармату. На старонках гэтых прыгожа ілюстраваных выданняў маленькія чытачы пазнаёмяцца з галоўнымі сімваламі нашай дзяржавы, іх гісторыяй і значэннем, а таксама са славутасцямі Беларусі. Кніжачкі «Беларускія школьнікі — героі Вялікай Айчыннай вайны», «Вечная памяць героям: мемарыялы Беларусі» пашыраць веды вучняў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і будуць садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці пра подзвіг маленькіх герояў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Як адзначыў Валянцін Янавіч, да новага навучальнага года «першакласнікі нашай краіны атрымалі абноўленае выданне “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А. Р. Лукашэнкi першакласнiку”. У новай канцэпцыі перагледжана яго структура, з’явіліся новыя тэматычныя развароты — зразумелыя, даступныя і цікавыя дзецям, напрыклад, “Як да нас прыйшла кніга”, “Песняры беларускага народа”. Прыярытэт аддадзены раздзелу пра дасягненні сучаснай Беларусі. Між іншым, зараз вядзецца работа па абнаўленні яшчэ аднаго значнага выдання “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”». Дырэктар выдавецтва расказаў і пра іншыя вучэбныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі, якія былі сёлета выпушчаны ці абноўлены.

Па словах Валянціна Навагродскага, гісторыя стварэння, станаўлення і развіцця выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» цесна звязана з перыядычнымі выданнямі для педагогаў-практыкаў і ў цэлым для нацыянальнай сістэмы адукацыі: «Мы выпускаем шырокі спектр перыядычных выданняў. Педагогам-прадметнікам я рэкамендаваў бы звярнуцца да серыі “У дапамогу педагогу”, у якой па ўсіх школьных прадметах прадстаўлена сваё перыядычнае выданне. Для супрацоўнікаў дашкольных устаноў верным памочнікам застаецца любімая “Пралеска”. Вельмі запатрабаваны настаўнікамі пачатковай школы часопісы “Пачатковая школа” і “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”. Класны кіраўнік, асабліва пачатковец, заўсёды можа звярнуцца да часопісаў “Выхаванне i дадатковая адукацыя” і “Здаровы лад жыцця”. На шырокую чытацкую аўдыторыю, у тым ліку на педагогаў, студэнтаў выпускных курсаў, якія займаюцца навуковай дзейнасцю, навуковых работнікаў і бібліятэкараў разлічаны часопісы “Роднае слова” і “Беларускі гістарычны часопіс”».

Чытаць цалкам.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь