У абарону роднай зямлі
Мая Радзіма — Беларусь. IV клас
Мэта: напрыканцы ўрока вучні павінны ведаць асноўныя падзеі, звязаныя з грунвальдскай бітвай і ўмець вызначаць паслядоўнасць гістарычных падзей.
Задачы:
- стварыць умовы для пашырэння ведаў вучняў аб існаванні Вялікага Княства Літоўскага, аб князях і іх праўленні, аб падзеях 1410 года;
- спрыяць развіццю ўмення працаваць з гістарычнай картай, выхаванню любові да Радзімы, пачуцця гераізму і адвагі;
- развіваць у вучняў цікавасць да гістарычнага мінулага нашай Радзімы.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя; карты, атласы; «кніжкі даследчыкаў», заданні на картках.
Падрыхтоўчая работа: вучні дома праглядваюць вучэбнае відэа і адказваюць на пытанні (гл. эл. дадатак).
1. Арганізацыйны этап.
Празвінеў званок вясёлы,
У клас пазваў усіх дзяцей.
Будзем дружна працаваць,
Веды будзем здабываць.
Вы да працы ўсе гатовы?
Слайд 1.
— Пачаць наш урок хачу народнай прыказкай (слайд 2):
Навука для чалавека, як сонца для жыцця.
— Як вы разумееце народную мудрасць?
— Усяму жывому патрэбна сонца, без яго няма жыцця. Кожнаму чалавеку патрэбны веды. Чалавек сваім розумам можа шмат зрабіць для іншых, як нашыя славутыя продкі: Францыск Скарына, Сымон Будны, Кірыл Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Яраслаў Мудры. У адукаванага чалавека цікавае жыццё.
2. Этап актуалізацыі суб’ектыўнага вопыту.
— Сёння на ўроку я прапаную вам пабыць у ролі гісторыкаў-даследчыкаў, звярнуцца да падзей мінулага.
Слайд 3.
— Якую гістарычную падзею мы будзем даследаваць, вы павінны былі выявіць дома. (Грунвальдскую бітву.)
Слайд 4.
— Мы будзем весці гаворку пра Грунвальдскую бітву. Тэма наша ўрока — «У абарону роднай зямлі».
Слайд 5.
— Якую мэту мы павінны паставіць?
Ведаць асноўныя падзеі, звязаныя з Грунвальдскай бітвай, і ўмець вызначаць паслядоўнасць гістарычных падзей.
Задачы:
Вызначыць, якая небяспека пагражала беларускім землям; як нашы продкі змагаліся з крыжакамі і татарамі; ролю Грунвальдскай бітвы ў гісторыі.
3. Этап прымянення ведаў.
— Каб наша праца была плённай, у кожнага з вас ёсць невялікія кніжкі даследчыкаў (гл. эл. дадатак). Яны будуць дапамагаць нам у працы. Я прапаную кожнаму з вас узяць іх у рукі і адказаць на першыя пытанні. Правільна адказаць на пытанні вам дапамогуць веды, якія вы атрымалі падчас прагляду дамашняга відэароліка.
Вучні запісваюць адказы ў свае кніжкі. Самаправерка.
Слайд 6.
Пытанні:
- Якое самае вялікае княства існавала з 13 па 18 стагодзе? (Вялікае Княства Літоўскае.)
- Якая заходняя славянская дзяржава была суседкай Вялікага Княства Літоўскага? (Польшча.)
- У склад якога княства ўваходзілі беларускія землі? (Вялікае Княства Літоўскае.)
- Назавіце першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. (Навагрудак.)
- На паўночным захадзе ворагамі для зямель Вялікага Княства Літоўскага былі … (Рыцары Тэўтонскага ордэна, або крыжакі.)
- На паўднёвым усходзе ворагамі зямель Вялікага Княства Літоўскага былі … (Татары.)
- Якія беларускія гарады часцей за астатнія падвяргаліся набегам крыжакоў? (Полацк, Гродна.) (Чаму?)
Слайд 7.
На дошцы настаўнік размяшчае карту з межамі дзяржаў.
Слайд 8.
Работа ў групах.
Кожны ўдзельнік групы атрымлівае картку з тэкстам (гл. эл. дадатак). Трэба ўставіць словы па сэнсе, а потым аб’яднаць свае адказы ў адно паведамленне ад групы.
Група 1. Вялікае Княства Літоўскае.
Група 2. Польшча.
Група 3. Тэўтонскі ордэн.
Група 4. Татары.
Групы прэзентуюць свае работы. Самаправерка.
Фізкультхвілінка.
— Як вядома, гісторыкі-даследчыкі, каб здабыць карысныя звесткі, адпраўляюцца на пошукі ў розныя куткі зямлі. Мы з вамі не будзем выходзіць за межы класа, але правядзём пошукі.
Кожнай групе даецца «карта класа». Трэба па карце знайсці ў класе тое, што схавана, і даць адказ на пытанне «Якой дзяржаве гэта належыць?».
Слайд 9.
Гербы Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы, Тэўтонскага ордэна, татар.
— З простай картай вы справіліся, а зараз паспрабуем папрацаваць з больш складанай картай.
Работа з контурнай картай, выкананне заданняў 1–3.
Слайд 10.
Самаправерка.
— Разгледзьце малюнкі ў атласе. Партрэт якога князя намаляваны? (Вітаўта.)
Слайд 11.
На слайдзе партрэты: Альгерд, Кейстут, Вітаўт, Ягайла.
— Устанавіце іх сваяцкія сувязі.

Узаемаправерка.
— Я прапаную вам узгадаць фрагменты вучэбнага відэа, а потым выканаць заданне: дапісаць словы ў сказы.
Прагляд відэа (фрагмента, гл. эл. дадатак.) (https://www.youtube.com/watch?v=Fu6vE0E_CfE)
Заданне.
Кім быў Вайтыла пры двары? _____________
Князем ВКЛ быў ___________ і ______________ .
Які замак атрымаў пекар пасля збліжэння з князем Альгердам? ________________
Пасля смерці Альгерда князем стаў яго ______ .
Супраць каго настройваў Вайтыла князя Ягайлу? ______________
На паўночна заходнім рубяжы размяшчаліся межы ________ ордэна. Першыя крыжакі тут з’явіліся ў ___________ стагоддзі. З тых часоў вайна на мяжы не спынялася.
Вайтыла прыбыў да крыжакоў для сумеснага нападу на __________ і крыжакі __________ .
Змова Вайтылы была раскрыта і яго ________ .
Праз некаторы час Ягайла зноў сабраў войска і падманам захапіў у палон ___________ і __________ . Кейстут быў __________ , а Вітаўт бег __________ .
Стаўшы каралём Польшчы Ягайла вырашыў забіць свайго брата Вітаўта. Вітаўту давялося зноў бегчы.
На мяжы для яго быў збудаваны замак _________ . Вітаўт заваёўваў суседнія землі, а слава пра яго расла. Аднойчы ноччу замак «Чорная цвярдыня» падпалілі. Былі забітыя жонка і дзеці Вітаўта. Крыжакі рыхтаваліся да вайны.
У __________ годзе Ягайла і Вітаўт сустрэліся на мяжы і пасля працяглай вайны аб’ядналіся для супрацьстаяння ______________ордэну.
Каля вёскі Грунвальд _________ ліпеня __________ года адбылася вырашальная бітва, якая ўвайшла ў гісторыю як ____________ .
Самаправерка.
— Грунвальдская бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года. Ворагі сышліся на полі бою.
Работа з контурнай картай, заданні 4, 5.
Слайд 12.
Самаправерка.
— Войска Вялікага Княства Літоўскага складалася з 12 000 воінаў, Польшчы — прыкладна столькі ж. Тэўтонскі ордэн — 18 000 воінаў. На падмогу прыйшлі рыцары з еўрапейскіх краін: Англіі, Францыі, Венгрыі і інш.
Паважаныя гісторыкі, вам трэба расставіць войскі на полі бою:
група 1 — войска Вітаўта;
група 2 — войска Ягайлы;
група 3 — войска крыжакоў;
група 4 — што стала пачаткам ваенных падзей?
(На рубяжы паказаліся крыжакі, яны прывезлі і ўручылі Вітаўту і Ягайле па мячу, што азначала «Пачынайце атаку, або вы баязліўцы».)
Слайд 13.
— Дома вы малявалі карту Грунвальдскай бітвы, хто жадае нам расказаць аб ваенных падзеях? Хто хоча дапоўніць?
— Якія рысы характару воінаў прывялі іх да перамогі?
— Якую ролю адыграла перамога ў Грунвальдскай бітве?
— Перастаў існаваць галоўны вораг Вялікага Княства Літоўскага, Вялікае Княства Літоўскае стала магутнай дзяржавай.
Слайд 14. Помнікі, якія паказваюць значнасць гэтай гістарычнай падзеі.
4. Этап замацавання ведаў.
— Прапаную вам прайсці іспыт на званне гісторыка-даследчыка.
Тэст.
1. Князем Вялікага Княства Літоўскага ў 13 ст. быў:
- а) Ягайла;
- б) Вітаўт;
- в) Кейстут.
2. Ворагамі Вялікага Княства Літоўскага на межах былі:
- а) крыжакі;
- б) Вайтыла;
- в) татары.
3. Беларускія землі ў 13 ст. уваходзілі ў склад:
- а) Вялікага Княства Літоўскага;
- б) Польшчы;
- в) Тэўтонскага ордэна.
4. Грунвальдская бітва адбылася:
- а) 10 ліпеня 1410 г.;
- б) 9 ліпеня 1410 г.;
- в) 15 ліпеня 1410 г.
5. Галоўнае кіраванне боем узяў на сябе:
- а) Ягайла;
- б) крыжакі;
- в) Вітаўт.
Без памылак — 3 балы, 1 памылка — 2 балы, больш за 1 памылку — 1 бал.
Слайд 15.
Праверка. Ключ: 1Б; 2А, В; 3А; 4В; 5В.
Слайд 16.
— Давайце падвядзём вынік нашай даследчай дзейнасці.
Падлічыць колькасць набраных балаў,
+ дадаць балы за тэст
= вынік — адзнака.
5. Этап падвядзення вынікаў урока.
- — Якую гістарычную падзею мы даследавалі?
- — Ці дасягнулі пастаўленай мэты?
- — На якія пытанні адказалі?
- — Навошта мы даследавалі гістарычную падзею, якая адбылася 608 год таму назад?
6. Этап інфармавання аб дамашнім заданні.
— Грунвальдская бітва пакінула вялікі след не толькі ў гісторыі, але і ў мастацтве, у літаратуры. Да наступнага ўрока вы даследуеце:
- Якія карціны напісаны мастакамі на гэту тэму?
- Якія творы апісваюць Грунвальдскую бітву?
- Якія кінастужкі зняты па матывах гэтай гістарычнай падзеі?
Акрамя таго спасылка на інтэрнэт-сайт:
Лев Сапега Великий канцлер Lew Sapieha LEV SAPEGA youtube.com
- Даведацца пра тое, хто такі Леў Сапега, і пра яго ролю ў гісторыі.
7. Рэфлексія.
- — Мае паважаныя даследчыкі, давайце зноў звернемся да народнай мудрасці.
- — Чаму вас сёння навучыла наша даследчая дзейнасць?
- — Чым вы задаволены? Чым не задаволены?
Слайд 17.
— Жадаю вам, каб вашы веды з кожным днём пашыраліся і былі для вас тым сонечным праменем, які будзе дапамагаць у жыцці.
Пожалуйста зарегистрируйтесь