Школа як любоў і натхненне. Да юбілея сярэдняй школы № 26 г. Брэста


Сёміна С. Я., настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 г. Брэста

Ёсць настаўнікі, якія пакідаюць незабыўны след у душы як вучняў, так і іх бацькоў. Менавіта пра такога педагога я і хачу расказаць: свой артыкул я вырашыла прысвяціць настаўніцы сярэдняй школы № 26 г. Брэста Галіне Міхайлаўне Івановай. Школа ў гэтым годзе святкуе юбілей — 35 год са дня адкрыцця. 1 верасня 1987 года яна адкрыла свае дзверы ў тым ліку і для мяне, першакласніцы тады.

Галіна Міхайлаўна Іванова — настаўніца пачатковых класаў.



У 80-я гады XX стагоддзя пасля заканчэння педагагічнага вучылішча Галіна Міхайлаўна паступіла ў Луцкі дзяржаўны педагагічны інстытут на дзённае аддзяленне на спецыяльнасць «Пачатковае навучанне». 

У 1989 годзе яна пераехала з мужам у Брэст і адразу стала працаваць у школе № 26, таму скончыла навучанне ўжо на завочным аддзяленні педінстытута ў 1991 годзе.

Галіна Міхайлаўна кажа, што сярэдняя школа № 26 заўсёды была для яе натхненнем і любоўю на ўсё жыццё. За ўсе гады настаўніца ніколі не прыходзіла да думкі, што трэба змяніць месца працы, бо кіраўніцтва ў школе заўсёды стварала станоўчы псіхалагічны мікраклімат. З вялікай павагай Галіна Міхайлаўна ўспамінае былых кіраўнікоў школы, з якімі вельмі лёгка і камфортна было працаваць.

У Галіны Міхайлаўны было ўжо восем выпускаў, і ўсе дзеткі пакінулі незабыўны след у памяці. Яна заўсёды цікавіцца, як склаўся іх лёс, працягвае непакоіцца пра іх вучобу, нават калі яны пераходзяць у сярэдняе звяно школы. 

Настаўніца настолькі любіць сваю працу і сваю школу, што, будучы ўжо другі год на пенсіі, працягвае працаваць! 

Галіна Міхайлаўна лічыць, што ёй як настаўніцы пачатковых класаў вельмі пашанцавала, бо вучні на педагагічным шляху ёй трапляліся вельмі старанныя, добрасардэчныя, чулыя. З бацькамі таксама заўсёды ўдавалася плённа працаваць, бо яны прымалі актыўны ўдзел у жыцці школы, у розных творчых конкурсах, заўсёды адгукаліся на просьбы настаўніцы.

На працягу сваёй педагагічнай дзейнасці Галіна Міхайлаўна заўсёды аддавала шмат увагі патрыятычнаму выхаванню юнага пакалення. Дзякуючы ёй вучні наведалі пра шмат цікавых мясцін не толькі ў Брэсце, але ў ва ўсёй рэспубліцы. Не раз яна бывала з вучнямі ў адной з самых вядомых славутасцей Брэста — Брэсцкай крэпасці. Разам з настаўніцай вучні пабывалі і ў Белавежскай пушчы, і ў адзіным у Беларусі Музеі касманаўтыкі ў вёсцы Тамашоўка Брэсцкага раёна, на радзіме першага касманаўта П. І. Клімука, і ў Кобрынскім  музеі імя А. В. Суворава, і на страусавай ферме каля гэтага ж горада. У мінулыя часы настаўніца шмат ездзіла са сваімі вучнямі і за мяжу: у Іспанію, Германію, Аўстрыю, Балгарыю, Чэхію, Польшчу.

Галіна Міхайлаўна лічыць, што задача любога настаўніка — захаваць творчы пачатак ў вучнях і развіць яго. А для гэтага трэба стварыць на ўроках умовы для актыўнага, свядомага ўдзелу вучняў у творчай дзейнасці, якая будзе прыносіць радасць адкрыцця, пачуццё шчасця ад дасягнення пастаўленай мэты. Настаўніца лічыць развіццё творчых здольнасцей адной з найважнейшых задач на працягу школьнага навучання. 

На сваіх уроках Галіна Міхайлаўна выкарыстоўвае гульнявыя, здароўезберагальныя тэхналогіі, а таксама тэхналогію крытычнага мыслення. Педагог упэўнена, што яны дапамагаюць не толькі дасягнуць мэты ўрока, але і робяць яго больш насычаным і разнастайным.

Вучні Галіны Міхайлаўны неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяд і конкурсаў розных узроўняў. Сярод гэтых вучняў і мая дачка Лізавета. Падчас навучання ў Галіны Міхайлаўны Лізавета здолела паўдзельнічаць у рэспубліканскім творчым конкуре Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаным 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, і стала аўтарам аднаго з лепшых эсэ і плакатаў. 

Зараз, ужо будучы шасцікласніцай, Лізавета з вялікім задавальненнем і пяшчотай успамінае той час, калі вучылася ў Галіны Міхайлаўны, і сцвярджае, што хацела б паўтарыць навучанне ў пачатковай школе зноў і менавіта ў любімай настаўніцы.

У свой час як вучаніца, а зараз як педагог і як маці, я упэўнена, што павага і цёплыя ўспаміны пра першую настаўніцу — гэта і ёсць той найкаштоўнейшы духоўны скарб, які мы можам атрымаць у школе, і найвышэйшая ўзнагарода педагогу, калі вучань можа захаваць і пранесці любоў да ведаў і ісці з ёй па жыцці. Таму шчыра і ад усяго сэрца я б пажадала ўсім сустрэць на сваім школьным шляху такіх настаўнікаў, як Галіна Міхайлаўна Іванова.



 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь