Сустрэчы ў Любаншчыне

У ходзе рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут – «Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям» пісьменнікі i нашы супрацоўнiкi наведалі Любаншчыну.

Вось як асвятлiла гэту сустрэчу газета "Голас Любаншчыны".

~~~

З духмяным боханам хлеба на гасціннай смольгаўскай зямлі, ля школы, якая носіць імя знакамітага беларускага і польскага паэта Уладзіслава Сыракомлі (дарэчы, восенню тут плануецца адзначыць яго 195-годдзе), сустракалі Уладзіміра Ліпскага, галоўнага рэдактара часопісаў «Вясёлка» і «Буся», лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, многіх літаратурных прэмій, старшыню Беларускага дзіцячага фонду; Таццяну Дасаеву, прафесара, доктара філалагічных навук, загадчыцу кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ, літаратурнага крытыка; Ганада Чарказяна, беларускага паэта армянскага паходжання, які 45 гадоў жыве ў Беларусі, выдаў 37 кніг на беларускай і рускай мовах, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А таксама прадстаўнікоў выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» – Дзмітрыя Кашавара, начальніка аддзела маркетынгу, аўтара шматлікіх энцыклапедычных і навукова-папулярных кніг, і Рыту Насценка, намесніка дырэктара па маркетынгу.


Васіль Каткавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, падкрэсліў, што, акрамя юбілею Сыракомлі, у 2018-м спаўняецца 85 гадоў з таго часу, як выйшла ў свет паэма Янкі Купалы «Над ракой Арэсай». Анатоль Вялічка, гісторык і краязнаўца, прачытаў свой верш, прысвечаны Янку Купалу, а таксама распавёў гасцям пра адну са значных спраў свайго жыцця – «Каменны летапіс» (дзякуючы намаганням гэтага неабыякавага да лёсу любанскай зямлі чалавека ў многіх памятных мясцінах на тэрыторыі Камунараўскага сельсавета былі ўсталяваны вялікія камяні з тлумачальнымі надпісамі).

Ва ўстанове адукацыі госці наведалі музеі, у адным з якіх адбылася сустрэча з вучнямі і настаўнікамі.

– Сябры мае, – звярнуўся да прысутных Уладзімір Ліпскі, – мы з радасцю прыехалі да вас у Год малой радзімы, каб разам ушанаваць і ўславіць зямельку нашу, прыгажэйшую ў свеце, чароўную Беларусь.

Ён расказаў пра аповесць-споведзь «Мая Беларусь», кнігу, над якой працуе апошнія два гады.

Таццяна Дасаева, наша зямлячка, дачка беларускага паэта Міколы Жука, падкрэсліла, што асоба будуецца на родных вытоках.

Таццяна Мікалаеўна звярнулася да вучняў: «Нясіце мову, наша духоўнае багацце, бо беларускае слова – ні з чым не параўнальны скарб».

Цікавым было знаёмства з Ганадам Чарказянам – курдам, які палюбіў нашу краіну ўсім сэрцам, знайшоў тут каханне і сапраўдных сяброў.

Прадстаўнікі выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» расказалі пра сваю працу, прадэманстравалі новыя кнігі, а таксама заклікалі дзяцей да супрацоўніцтва – складаць нарысы, апавяданні, замалёўкі пра малую радзіму, родных людзей, каб аб’яднаць іх у адзіны зборнік.

 Наступная сустрэча адбылася ў СШ №1 г. Любані, дзе прайшла імпрэза «Пясняр зямлі любанскай», прысвечаная нашаму роднаму паэту, франтавіку, ардэнаносцу, лаўрэату літаратурных прэмій Івану Муравейку. Матэрыялы выставы, прымеркаванай да свята, распавядалі пра гісторыю «Мураўінай сцяжынкі», конкурсы фотаработ, малюнкаў да твораў любімага пісьменніка. А пераможцы і ўдзельнікі «Мураўінай сцяжынкі» і «Жывой класікі» прачыталі творы так пранікнёна і ўзнёсла, што гэтага не маглі не адзначыць паважаныя госці. Уладзімір Сцяпанавіч сказаў, што ўсцешаны тым, як дзеці не толькі добра вывучылі вершы, а прапусцілі іх праз свае душы. Ён правёў цікавы конкурс, удзельнікам якога падарыў часопісы «Вясёлка» і «Буся». Рабяты з радасцю беглі да пісьменнікаў па аўтографы.


 Працяг літаратурных сустрэч адбыўся ў малой зале дзіцячай школы мастацтваў. Да нас завітаў Андрусь Горват, малады аўтар пакуль што адной, але ўжо добра вядомай кнігі – «Радзіва «Прудок». Дзённік», якая ў мінулым годзе літаральна ўварвалася ў культурную прастору Беларусі. У нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы па ёй створаны аднайменны спектакль, на які амаль немагчыма набыць квіток. Шчыра, проста і адкрыта адказваў Андрусь на любыя, можа, нават і не самыя прыемныя, пытанні. Магчыма, гэтыя якасці яго асобы і складаюць сакрэт поспеху кнігі.


 У вялікай зале школы мастацтваў увазе прысутных прадставілі літаратурную кампазіцыю па творах сучасных беларускіх аўтараў, удзельнікамі якой сталі: узорны тэатр «Летуценнікі» (кіраўнік Ала Каткавец), фальклорны калектыў «Шчабятушкі» (кіраўнік Ірына Ягур), салістка Сабіна Корбут (настаўнік Ала Міхаленя) і танцавальны калектыў «Тропы» (кіраўнік Уладзіслава Коршунава).


 Нямала прыйшлося пашчыраваць супрацоўнікам аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, каб стварыць умовы для здзяйснення мэтаў, акрэсленых рэспубліканскай акцыяй. У раёне было праведзена шмат творчых конкурсаў, у якіх прымалі ўдзел не толькі дзеці, але і дарослыя. У іх ліку: «Радзімазнаўства» – творы аб роднай зямлі, «Штрых-код» – мультымедыйная форма прэзентацый кніг, персаналій пісьменнікаў, конкурсы фотаздымкаў да вершаў Івана Муравейкі, малюнкаў для паштовак па прачытаных кнігах беларускіх аўтараў «Як я ўяўляю кнігу» і інш. Былі вызначаны лепшыя чытачы года. Напрыканцы свята адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і найбольш актыўных удзельнікаў. Яны атрымалі дыпломы і падарункі з рук шаноўных гасцей.


 Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» праводзіла конкурс работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі». Пераможцам раённага, а пазней і абласнога этапу стаў Кірыл Сініцкі,вучань 6 класа СШ №1 г. Любані. Дыплом і падарунак таленавітаму хлопчыку ад імя старшыні раённага аб’яднання Таццяны Аляксеевай уручыла Таццяна Кругленя, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму.


 На развітанне Уладзімір Ліпскі адзначыў: «Пройдзе час, і, магчыма, мы аддадзім у музей сучасныя мабільнікі і камп’ютары, як некалі людзі аддавалі кросны ці жорны. Але назаўсёды застануцца ў беларусаў любоў да Радзімы, вернасць Айчыне, гонар, працавітасць, сціпласць».


 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь