Крылы натхнення Уладзіміра Ліпскага


Літаратурны вечар пісьменніка Уладзіміра Ліпскага «Дзялюся крыламі» прайшоў у Тэатры юнага гледача 10 студзеня. Нагода для мерапрыемства вельмі значная: 40 гадоў Уладзімір Сцяпанавіч працуе галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка»! Віншаванне юбіляру даслаў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч.

Вечар адкрыў дырэктар нашага выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Мікалай Супрановіч. Ён адзначыў духоўны ракурс пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, які ўзвышае і натхняе чытача. Менавіта адсюль назва вечарыны — «Дзялюся крыламі».

“Ганаруся тым, што ўжо шмат гадоў мы супрацоўнічаем з Уладзімірам Сцяпанавічам. Надрукавана вялікая колькасць кніг, арганізавана шмат цікавых пректаў, у тым ліку “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”, у якой шырока прадстаўлена творчасць дзіцячых пісьменнікаў “Вясёлкі”, развіваецца і набірае моц яшчэ адзін наш сумесны літаратурны праект — серыя “Асобы”. За кожнай постаццю літратурных герояў серыі — дзесяцігоддзі навейшай айчыннай гісторыі”. Дырэктар прадставіў новы, ў нечым сенсацыйны гістарычны твор У. С. Ліпскага: “Цар”, які выходзіць ў нашым выдавецтве.

Мерапрыемства пераўтварылася ў сваеасаблівую творчую справаздачу. “Адчытаўся” перад гледачамі юбіляр, Уладзімір Ліскі, як заўсёды на сваіх літаратурных вечарынах, — шчыра, яскрава, ад усяго сэрца! “На Купалле ўсе мы, беларусы, шукаем папараць-кветку. А мне здаецца, што папараць-кветка — гэта наша Беларусь! Давайце знойдзем яе ў сваім сэрцы!” — заклікаў майстар слова чытачоў.

Павіншаваць знакамітага пісьменніка з’ехаліся дзеці і дарослыя з ўсёй краіны. Сапраўды, як кажуць, “ад малога да вялікага”. Тут і дашкаляты з мінскага дзіцячага садка “Ліхтарык”, і пераможцы рэспубліканскага творчага конкурса юных чытальнікаў “Жывая класіка” Вераніка Хогіна і Злата Качэрба, і невідушчая дзяўчынка са Слуцка, неаднаразовы пераможца конкурсаў чытальнікаў Улляна Палазнік, і малады спявак Іван Буслай. Творы Уладзіміра Ліпскага чыталі са сцэны народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаны артыст Леанід Улашчанка, заслужаны атрыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Анісенка, пісьменнікі Анатоль Зэкаў, артыст тэатра i кіно Віталь Халадок, сын юбіляра, вядучы спартыўных праграм Белтэлерадыёкампаніі Стас Ліпскі і нават даўнія сябры па Усебеларускім фестывалі народнага гумару з Аўцюкоў.

У фае тэатра працавала выстава цудоўнай кніжнай графікі мастакоў Генадзя Лойкі і Леаніда Данелія да твора У. С. Ліпскага “Цар”, а таксама размясцiлася выстава-продаж кніг юбіляра, ля якой гасцей па-свойму натхняў яшчэ адзін з літаратурных герояў Уладзіміра Сцяпанавіча — Грошык.

Тэкст і фота: Аляксандр Каменчукоў

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь