Перавернуты ўрок — перспектыўная тэхналогія навучання. Часть 2
Арганізацыя работы на ўроку
Пры планаванні і правядзенні ўрока педагогу трэба ўлічваць, што навучэнцы ўжо знаёмыя з новым матэрыялам, што ступень іх разумення новай тэмы можа быць рознай і хто-небудзь з вучняў па нейкай прычыне не выканаў дамашняе заданне.
На першым этапе ўрока — актуалізацыйна-дыягнастычным — у залежнасці ад сітуацыі можа быць арганізавана наступная работа:
- індывідуальнае выкананне навучэнцамі дыягнастычнага тэсту па вывучаным дома матэрыяле (калі, выконваючы дамашняе заданне, вучні гэта не рабілі). Задача дадзенай дыягностыкі — не кантроль дзеля адзнакі, а выяўленне праблемных зон для карэкцыі прамежкавых адукацыйных вынікаў. Па выніках адказаў навучэнцаў настаўнік выяўляе пытанні, якія выклікалі цяжкасці, і ў ходзе правядзення ўрока гэта ўлічвае — карэкціруе дзейнасць школьнікаў для дасягнення патрэбных адукацыйных вынікаў. Самі навучэнцы ўсведамляюць аб’ём сваіх ведаў (або няведання), што стварае ў іх пазнавальную напружанасць, якая выступае крыніцай для павышэння вучэбнай матывацыі;
- групавая работа вучняў, у працэсе якой яны 1) дзеляцца распрацаванымі дома схемамі, картамі, табліцамі і г. д., абмяркоўваюць іх, ацэньваюць па прапанаваных настаўнікам крытэрыях, выбіраюць тыя распрацоўкі, якія варта паказаць і растлумачыць усяму класу; 2) абмяркоўваюць пытанні па новым матэрыяле, на якія ўдзельнікі групы дома не знайшлі адказы. У працэсе абмеркавання дамашняй працы адбываецца ўзаеманавучанне, у тэму пагружаюцца і тыя вучні, якія не выканалі дамашняе заданне;
- франтальная работа: дэманстрацыя і тлумачэнне класу выбраных у групах лепшых візуальных прадуктаў навучэнцаў па новай тэме, а таксама абмеркаванне пытанняў, на якія ў групах не знайшлі адказы.
Другі этап: абагульняюча-мэтавы. Настаўнік адказвае на пытанні, якія выклікалі цяжкасці, робіць кароткае абагульненне, у якім звяртае ўвагу на асноўныя сэнсавыя і самыя складаныя моманты тэмы. Затым знаёміць з мэтай (планаванымі вынікамі) урока, калі мэта не абгаворвалася напярэдадні пры атрыманні школьнікамі дамашняга задання; са зместам будучай дзейнасцi навучэнцаў на наступным этапе і крытэрыямі яе ацэнкі.
Трэці этап: практычны. Гэта самая вялікая па часе частка ўрока. Адбываецца практычнае прымяненне навучэнцамі новых ведаў: выкананне практыкаванняў, рашэнне задач, творчая дзейнасць. Вучні выконваюць і рэпрадуктыўныя, і кампетэнтнаснаарыентаваныя заданні. На гэтым этапе навучэнцы працуюць часцей у групах. ПН дае магчымасць выкарыстоўваць вучэбны час для групавых заняткаў, калі ідзе працэс актыўнага абмеркавання зместу тэарэтычнага матэрыялу, яго прымянення на практыцы, супрацоўніцтва ў працэсе атрымання практычнага вопыту. Настаўнік выконвае функцыі фасілітатара, каардынатара і кансультанта. Ён забяспечвае прадуктыўную групавую камунікацыю; аказвае дапамогу праблемным навучэнцам.
Чацвёрты этап: кантрольна-карэкцыйны. Вучні выконваюць кантрольныя заданні, якія паказваюць настаўніку і самім навучэнцам, як засвоена тэма, ці адпавядае зробленае вызначаным крытэрыям, у якой ступені навучэнцы валодаюць уменнямі практычнага прымянення ведаў. Пры неабходнасці ажыццяўляецца карэкцыя.
Пяты этап: дамашняе заданне. Яго змест арыентуецца на поспехі і праблемы, якія выяўлены з дапамогай кантролю. Навучэнцам можа быць прапанавана дапрацаваць заданні, якія не былі завершаны падчас урока. Калі плануецца, што наступны ўрок зноў будзе перавернутым, то даецца заданне па новым матэрыяле.
Перавагі тэхналогіі перавернутага навучання
Цэнтральным месцам у тэхналогіі ПН з’яўляецца не прагляд навучэнцамі відэалекцый, а актыўнае і плённае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне паміж сабой, з настаўнікам, якое адбываецца па змесце відэаролікаў або параграфа падручніка. Каштоўнасць тэхналогіі заключаецца ў забеспячэнні высокай вучэбнай матывацыі вучняў да самастойнай і групавой дзейнасці, у стварэнні ўмоў для іх самаразвіцця, авалодання актуальнымі прадметнымі і надпрадметнымі кампетэнцыямі.
Перавернутае навучанне ўскладае большую, чым у традыцыйным навучанні, адказнасць на саміх навучэнцаў. Вызначальнай рухаючай сілай іх вучэння з’яўляюцца не патрабаванні настаўніка, а іх зносіны, накіраваныя на асваенне практычных уменняў. Гэтыя ўменні не абмежаваныя прадметнай вобласцю, яны ўключаюць і актуальныя кампетэнцыі метапрадметнага характару.
На ўроку не марнуецца час на тлумачэнне настаўнікам новага матэрыялу. Дзякуючы гэтаму ствараецца больш магчымасцей для практычнага прымянення ведаў. Каштоўнасць перавернутых урокаў складаецца ў магчымасці выкарыстоўваць вучэбны час для групавых заняткаў, на якіх навучэнцы абмяркоўваюць змест матэрыялу, з якім пазнаёміліся дома, правяраюць свае веды праз прызму выкананых аднакласнікамі заданняў, узаемадзейнічаюць адзін з адным у практычнай дзейнасці.
Яшчэ адна добрая якасць ПН: у настаўніка ёсць час для рэалізацыі індывідуальнага падыходу, ён можа ўдзяліць увагу тым навучэнцам, якія маюць патрэбу ў яго дапамозе. Падчас вучэбных заняткаў функцыі выкладчыка — падтрымка і кансультаванне вучняў, заахвочванне іх на самастойныя даследаванні і сумесную працу. Магчымасць атрымаць ад педагога індывідуальную кансультацыю дапамагае навучэнцам пазбавіцца патэнцыйнай няўдачы і страху перад новым матэрыялам, а таксама атрымання дрэннай адзнакі. Настаўнік можа бачыць прагрэс і ўзровень разумення тэмы кожным навучэнцам.
Рыхтуючыся да ўроку, навучэнцы авалодваюць новым матэрыялам у сваёй асабістай прасторы і ў сваім індывідуальным тэмпе. Яны могуць спыняцца, рабіць запісы, пры неабходнасці звяртацца за дапамогай да аднакласнікаў, дзякуючы магчымасцям сеткі. Вучні могуць выкарыстоўваць вялікую колькасць дадатковых крыніц пры самастойнай падрыхтоўцы дома: інтэрнэт, хатнія кнігі, слоўнікі і г. д.
Назіранні паказваюць, што прымяненне тэхналогіі ПН не толькі павышае выніковасць адукацыйнага працэсу, але і з’яўляецца эфектыўнай умовай паляпшэння дысцыпліны навучэнцаў.
Такім чынам, перавагі перавернутага навучання: індывідуальны падыход, уцягнутасць вучняў у пазнавальную дзейнасць, набыццё імі навыкаў для дарослага жыцця, навучанне па-за аўдыторыяй.
Якія існуюць цяжкасці ў рэалізацыі перавернутага навучання?
Па-першае, павелічэнне (асабліва спачатку) пазаўрочнай нагрузкі на настаўніка, якая заключаецца ў праектаванні ўрокаў і падрыхтоўцы навучальных матэрыялаў для навучэнцаў; суправаджэнні груп ці / і асобных вучняў у працэсе іх дамашняй пазнавальнай дзейнасці. Калі настаўнік мае на мэце ў сваім блогу або на сайце размяшчаць свае лекцыі, то гэта таксама запатрабуе дадатковых намаганняў і часу.
Па-другое, увядзенне перавернутага навучання можа запатрабаваць ад настаўніка авалодання новымі для яго навыкамі. Важна валодаць IКТ, навыкамі арганізацыі групавой працы, умець ажыццяўляць партнёрскія зносіны з бацькамі вучняў.
Па-трэцяе, нераўнамерная ІТ-адукаванасць вучняў класа, адсутнасць у некаторых дома устойлівасці онлайн-рэжыму і безлімітных тарыфаў на інтэрнэт-паслугі. Неабходнасць настаўніка і навучэнцаў у атрыманні тэхнічнай кансультацыі і падтрымкі па наладцы і забеспячэнні працаздольнасці сэрвісу. Дарэчы, некаторыя цяжкасці можна абыйсці: калі немагчыма скарыстацца інтэрнэтам, то навучэнцы заданне могуць атрымліваць з падручніка, матэрыялы з сеткі і тэсты для самакантролю — на флэшку.
Па-чацвёртае, існуе асцярога, што ў выпадку прымянення ПН усімі або многімі настаўнікамі ў адным класе навучэнцы будуць перагружаныя заданнямі. Таму педагогам важна гэта ўлічваць пры складанні дамашняй работы, аб’ём якой павінен адпавядаць санітарна-гігіенічным нормам і ўзросту навучэнцаў.
Па-пятае, ёсць рызыка, што пры ўкараненні ПН можна атрымаць адваротны эфект — зніжэнне выніковасці навучання. Каб гэтага не здарылася, педагогу важна грунтоўна паглыбіцца ў тэхналагічныя аспекты такога навучання, дамагацца, каб элементы класнага і пазакласнага навучання складалі адзінае цэлае, каб вучні маглі зразумець прынцыпы дадзенай мадэлі і былі матываваныя на падрыхтоўку да класных заняткаў.
Многія бацькі, якія памятаюць школьныя гады (іх вучылі не так), могуць не прымаць дадзеную інавацыю і будуць супраць прымянення настаўнікам перавернутага навучання іх дзяцей. Таму асабліва важная тлумачальная праца, якая будзе накіравана на станаўленне партнёрскіх адносін паміж сям’ёй і школай, на дапамогу педагогу з боку бацькоў. Важна дапамагчы бацькам зразумець, што вучэбная перагрузка бывае па большай частцы не ад аб’ёму заданняў, а ад іх непрывабнасці для дзяцей. А перавернутае навучанне робіць вучэнне займальным, што, дарэчы, зніжае нагрузку на вучняў: калі вучыцца цікава, то гэта не стамляе.
Такім чынам, цяжкасці ў прымяненні тэхналогіі ПН ёсць, але яны пераадольныя.
Арыенціровачная карта для праектавання перавернутага ўрока
1. Падрыхтоўчая праца настаўніка.
1.1. Вызначыце, якую тэму вы плануеце вывучаць па тэхналогіі перавернутага ўрока.
1.2. Ацаніце і запішыце, што навучэнцы ўжо ведаюць па абранай вамі тэме.
1.3. Праглядзіце навучальную праграму, падручнік і вызначыце мэты, якія вы плануеце дасягнуць на ўроку. Мэты запішыце з дапамогай клішэ.
Плануецца, што ў выніку ўрока навучэнцы:
1) будуць ведаць…, будуць умець…
2) навучацца…
3) змогуць…
4) будуць валодаць спосабам…
1.4. Запішыце змест кантролю. Як і якімі сродкамі вы і вашы вучні на ўроку даведаецеся, што мэта дасягнута?
1.5. Пашукайце ў інтэрнэце, іншых крыніцах, якія рэсурсы вы парэкамендуеце вучням для падрыхтоўкі іх да ўрока. Запішыце спасылкі на гэтыя рэсурсы.
1.6. Запішыце, што вы скажаце сваім вучням па завяршэнні ўрока, які папярэднічае перавернутаму, у сувязі з тым, што ўпершыню пачынаеце ўжываць новы метад працы.
1.7. Запішыце заданні, якія вы дасце навучэнцам для вывучэння імі тэорыі. Варыянты заданняў, набор якіх залежыць ад мэты (чаканага выніку) будучага ўрока:
- сфармулюйце пытанні для абмеркавання на наступным уроку,
- адлюструйце асноўны змест тэмы ў выглядзе карты памяці, схемы, табліцы і г. д.,
- правядзіце вопыт і раскажыце, якія высновы вы з яго зрабілі,
- зніміце кліп па новай тэме,
- падрыхтуйце мініпрэзентацыю,
- вылучыце контраргументы адносна матэрыялу, знойдзенаму ў інтэрнэце, і інш.
1.8. Прапануйце вучням крытэрыі ацэнкі выкананых заданняў. Запішыце іх.
2. Праца вучняў і настаўніка на ўроку.
2.1. Напішыце, як вы пачняце гэты незвычайны ўрок. Як вучні даведаюцца аб сваёй мэце (або яны яе прынялі, калі атрымлівалі дамашняе заданне?) на дадзены ўрок?
2.2. Як будзе арганізавана абмеркаванне пытанняў, сфармуляваных навучэнцамі, як будуць арганізаваны дэманстрацыя і абмеркаванне зробленых імі дома творчых работ?
2.3. Напішыце, у чым будзе заключацца зробленае вамі абагульненне па выніках вывучэння школьнікамі тэорыі. Як вы яго праведзяце?
2.4. Як на ўроку будзе арганізавана практычная работа па прымяненні тэарэтычных ведаў?
2.5. Як вы ў канцы ўрока праведзяце ўзаемакантроль, самакантроль, самаацэнку і карэкцыю выяўленых прабелаў?
2.6. Напішыце, па якіх пытаннях вы арганізуеце абмеркаванне з навучэнцамі ў класе першага вопыту прымянення перавернутага ўрока.
2.7. Вышэй (у пунктах 2.1.–2.6.) запішыце прыкладную працягласць кожнага з этапаў урока.
Список использованных источников
- Запрудский, Н. И. Технология перевёрнутого обучения / Н. И. Запрудский // Современные школьные технологии–3. — Минск : Сэр-Вит, 2017. — 168 с.
- Ищенко, А. «Перевёрнутый класс» — инновационная модель обучения. Опыт практической реализации на уроках немецкого языка [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.ug.ru/method_article/876. — Дата доступа: 22.10.2016.
- Курвитс, М. Образовательные инновации живут здесь [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://marinakurvits.com. — Дата доступа: 25.09.2016.
- Логинова, А. В. Особенности использования и принципы функционирования педагогической модели «перевёрнутый класс» [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://moluch.ru/archive/89/18143/. — Дата доступа: 22.10.2016.
- Модель смешанного обучения «Перевёрнутый класс» [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.openclass.ru/node/431028. — Дата доступа: 25.04.2015.
- Перевёрнутый класс: технология обучения XXI века [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.ispring.ru/elearning-insights/perevernutyi-klass-tekhnologiya-obucheniya-21-veka/. — Дата доступа: 22.10.2016.
- Перевёрнутый класс в инфографике [Электронный ресурс]. — Режим доступа: https://www.knewton.com/infographics/flipped-classroom/. — Дата доступа: 14.09.2016.
- Перевёрнутый класс: сценарии в педагогической практике [Электронный ресурс]. — Режим доступа: https://sites.google.com/site/scenarioforflippedclassroom/home. — Дата доступа: 15.10.2016.
- Ремизова, Е. Г. Реализация методик и смешанного обучения по модели «перевёрнутый класс» на уроках информатики [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://msk.ito.edu.ru/2014/section/229/94840/. — Дата доступа: 26.04.2015.
- Смешанное обучение: почему за ним будущее [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.edutainme.ru/post/staker/. — Дата доступа: 13.10.2016.
- Топ-10 правил при переводе класса на новую методику — перевёрнутое обучение [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://ed-today.ru/20-top-10-pravil-pri-perevode-klassa-na-novuyu-metodiku-perevjornutoe-obuchenie. — Дата доступа: 13.10.2016.
- Шевчук, Е. А. Информационная среда для совместной деятельности учителя и учеников [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://likt590shevchuk.blogspot.com.by/2013/03/9_31.html. — Дата доступа: 26.10.2016.
Пожалуйста зарегистрируйтесь