4 сакавіка 2026 г. адбылася прэзентацыя “БГЧ” у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Творчая сустрэча аб’яднала мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў з трох навукова-даследчых устаноў, што ўваходзяць у склад аднаго з найбуйнейшых падраздзяленняў НАН Беларусі. Прыемна адзначыць, што многія з прысутных, на чале з дырэктарам Цэнтра, доктарам мастацтвазнаўства В.М. Папко, з’яўляюцца сталымі аўтарамі часопіса.
Галоўны рэдактар “БГЧ” А.А. Корзюк, намеснік галоўнага рэдактара Н.У. Матусевіч, рэдактар аддзела-член рэдкалегіі І.У. Касько прадставілі асноўныя накірункі развіцця выдання, тэматычныя серыі “Гісторыя і гісторыкі Беларусі” і “Музеі Беларусі”, нагадалі патрабаванні да навуковых і метадычных публікацый.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры В.М. Папко, дырэктар філіяла “Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы” Я.А. Ненадавец адзначылі значны навуковы патэнцыял установы, у якой працуе 25 дактароў і 80 кандыдатаў навук, і высокую цікавасць да больш шчыльнага супрацоўніцтва з “БГЧ”, які ўваходзіць у Пералік выданняў ВАК і РИНЦ.
Загадчык аддзела ўзаемасувязяў літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы А.В. Трафімчык, дактарант Цэнтра А.М. Нароўская падзяліліся досведам супрацоўніцтва з рэдакцыяй па падрыхтоўцы навуковых артыкулаў і звярнуліся са словамі падзякі за плённае супрацоўніцтва.
Па выніках сустрэчы быў дасягнуты шэраг дамоўленасцяў аб сумесных публікацыях і мерапрыемствах на працягу 2026–2027 гг.
Дзякуем кіраўніцтву Цэнтра і загадчыку аддзела навукова-інфармацыйнай работы І.Ю. Лампе за арганізацыю сустрэчы і разлічваем на працяг супрацоўніцтва!